пара́граф
(лац. paragraphus, ад гр. paragraphos)
частка тэксту ўнутры раздзела, пазначаная знакам §, а таксама сам гэты знак.
парадо́кс
(гр. paradoksos = нечаканы, дзіўны)
1) своеасаблівая думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу;
2) з’ява, якая здаецца неверагоднай і нечаканай.
паразі́т
(гр. parasitos = нахлебнік, дармаед)
1) расліна або жывёла, якая жыве на паверхні ці ўнутры іншага арганізма і корміцца за яго кошт;
2) перан. той, хто жыве з чужой працы.
параксі́зм
(гр. paroksysmos = узбуджэнне, раздражненне)
1) моцны прыступ хваробы;
2) перан. вострае перажыванне, прыступ душэўнага ўзбуджэння.
парале́ль
(гр. parallelos = які праходзіць побач)
1) мат. кожная з прамых ліній, паралельных дадзенай;
2) геагр. уяўная лінія, праведзеная паралельна экватару па зямной паверхні;
3) перан. з’ява, якая можа параўноўвацца з іншай падобнай з’явай (напр. гістарычныя паралелі).
парале́льны
(гр. parallelos)
1) мат. які знаходзіцца на ўсім працягу на аднолькавай адлегласці ад якой-н. лініі;
2) перан. які дубліруе, паўтарае што-н.; аднолькавы, падобны (напр. п-ая праца, п-ыя з’явы).
пара́ліч
(ад гр. paralysis = расслабленне)
1) хвароба, якая пазбаўляе той ці іншы орган цела здольнасці рухацца, дзейнічаць (напр. п. ног);
2) перан. стан бяздзейнасці, страта здольнасці выконваць свае функцыі (напр. п. эканомікі).
пара́метр
(гр. parametron = які адмервае)
1) мат. велічыня, якая ўваходзіць у якую-н. формулу і захоўвае пастаяннае значэнне толькі для дадзенага выпадку;
2) велічыня, якая характарызуе пэўную ўласцівасць устройства, сістэмы або з’явы, працэсу (напр. тэхнічныя параметры).
парамне́зія
(ад гр. para = каля, пры + mnesis = успамін)
мед. парушэнне памяці, пры якім падзеі, што адбываюцца ў дадзены момант, здаюцца ўжо некалі перажытымі (параўн. амнезія).
паранарма́льны
(ад гр. para = каля + лац. normalis = урэгуляваны)
які мае незвычайныя, не растлумачаныя сучаснай навукай, праяўленні.