Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

педа́нт

(фр. pédant, ад іт. pedante = літар. настаўнік, педагог)

той, хто залішне строга прытрымліваецца дробязных, фармальных патрабаванняў у чым-н.

педанты́зм

(фр. pédantisme, ад pédant < іт. pedante = літар. настаўнік, педагог)

празмерны фармалізм, дробязная дакладанасць у чым-н.

педыкю́р

(фр. pédicure, ад лац. pes, pedis = нага + cura = догляд)

гігіенічная апрацоўка ступняў ног (чыстка і паліраванне ногцяў, выдаленне мазалёў і інш.).

пейнтбо́л

(англ. paintball)

спартыўная камандная гульня са спецыяльнымі ружжамі (маркерамі), якія страляюць фарбамі.

пе́ленг

(гал. peiling = вызначэнне ўзроўню)

1) вугал паміж стрэлкай компаса і напрамкам, па якім відаць даны прадмет або чуваць даны гук (параўн. азімут 2);

2) разнавіднасць строю ваенных караблёў і самалётаў (у караблёў — размяшчэнне адзін за другім па прамой, якая праходзіць пад вуглом да напрамку руху, у самалётаў — размяшчэнне адзін за другім уступамі).

пена́льці

(англ. penalty)

штрафны ўдар па варотах праціўніка з адлегласці 11 метраў пры гульні ў футбол.

пена́ты

(лац. penates = дамашнія багі; родны дом)

родны дом, родны кут.

пенітэнцыя́рны

(фр. pénitentiaire, ад с.-лац. poenitentiarius = папраўчы)

юр. звязаны з асабліва жорсткімі формамі крымінальнага пакарання.

пе́нсія

(лац. pensio = плацеж)

рэгулярнае грашовае забеспячэнне за выслугу гадоў, па інваліднасці і інш.

пентаго́н

(гр. pentagonon, ад pente = пяць + gonia = круг)

1) мат. пяцівугольнік;

2) міністэрства абароны ЗША (размешчана ў будынку пяцівугольнай формы).