інтэрды́кт
(лац. interdictum)
1) загад старажытнарымскага прэтара, які дазваляў або забараняў пэўныя дзеянні аднаму з істцоў;
2) забарона адпраўляць набажэнства, якая накладалася рымскім папам на гарады, вобласці, краіны і некаторых асоб у якасці пакарання за невыкананне рашэнняў царквы.
інтэр’е́р
(фр. intérieur = унутраны)
1) унутраная частка будынка, памяшканне, архітэктурна і па-мастацку аформленае;
2) карціна, на якой паказана ўнутраная прастора памяшкання;
3) унутраная будова органаў і тканак жывёлы (параўн. экстэр’ер).
інтэркалу́мній
(лац. intercolumnium, ад inter = паміж + columna = калона)
пралёт паміж побач стаячымі калонамі ў ордэрнай архітэктуры.
інтэркаля́рны
(лац. intercalarius = уставачны);
і. рост — рост раслін у даўжыню шляхам дзялення клетак першаснай мерыстэмы, аддаленай ад апікальнай і «ўстаўленай» паміж зонамі клетак, дыферэнцыяцыя якіх ужо закончана.
інтэркаля́цыя
(лац. intercalatio = устаўка, дабаўка)
з’яўленне новых структур унутры дадзенай біялагічнай сістэмы, напр. інтэркалярны рост у некаторых раслін.
інтэркіне́з
(ад інтэр- + -кінез)
перыяд паміж першым і другім дзяленнямі меёзу.
інтэркурэ́нтны
(лац. intercurrens, -ntis = які дамешваецца)
які выпадкова далучаецца;
і. захворванне — захворванне, якое ўскладняе працяканне іншага захворвання.
інтэрлі́нгва
(ад інтэр- + лац. lingua = мова)
міжнародная дапаможная мова, прапанаваная ў першым варыянце італьянскім матэматыкам Д. Пеана ў 1908 г., а ў другім варыянце — Міжнароднай асацыяцыяй дапаможнай мовы ў 1950 г.
інтэрлінгві́стыка
(ад інтэр- + лінгвістыка)
раздзел мовазнаўства, які вывучае праблемы, звязаныя са стварэннем і функцыяніраваннем штучных моў, як міжнародных тыпу эсперанта, інтэрлінгва, так і матэматычных і інфармацыйна-лагічных.
інтэрлі́нія
(ад інтэр- + лінія)
лінія паміж радкамі кнігі або іншага выдання.