дыве́рсія
(ням. Diversion, ад лац. diversio = адхіленне)
1) накіраванае на паслабленне дзяржавы дзеянне падрыўнога характару з боку агентаў іншай дзяржавы або класава варожых арганізацый, што выражаецца ў вывядзенні са строю аб’екта ваеннага або гаспадарчага значэння;
2) ваенная аперацыя, якая праводзіцца, каб адцягнуць увагу праціўніка ад месца нанясення галоўнага ўдару;
3) перан. правакацыйная прапаганда сродкамі масавай інфармацыі з мэтай дэзарыентацыі насельніцтва пэўнай краіны.
дыверты́кул
(лац. diverticulum = дарога ўбок, адхіленне)
прыроджанае або набытае выпучванне сценкі полага або трубчастага органа (стрававода, кішэчніка, мачавога пузыра).
дывертысме́нт
(фр. divertissement = забава)
1) невялікі эстрадна-музычны дадатак да спектакля;
2) устаўныя танцавальныя нумары ў оперы і балеце, не звязаныя з сюжэтам;
3) лёгкая, часам віртуозная музычная п’еса тыпу папуры, варыяцыі 2.
дывідэ́нд
(лац. dividendum = тое што належыць падзяліць)
частка прыбытку акцыянернага таварыства, якая штогодна размяркоўваецца паміж акцыянерамі прапарцыянальна ўкладзенаму імі капіталу.
дыві́зар
(лац. divisor = раздзяляльнік)
аўтатрансфарматар, у якім напружанне паміж канцамі яго абмоткі дзеліцца на некалькі аднолькавых частак.
дывізіён
(фр. division, ад лац. divisio = дзяленне)
1) асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій (уключае 2—4 батарэі);
2) злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (напр. д. мінаносцаў).
дыві́зія
(лац. divisio = дзяленне)
буйное вайсковае злучэнне з некалькіх палкоў або брыгад у розных відах узброеных сіл (напр. пяхотная д, танкавая д, зенітная д).
дывізіяні́зм
(ад фр. division = раздзяленне)
тое, што і пуантылізм 1.