Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэалі́зм

(ад с.-лац. realis = сапраўдны)

1) кірунак у літаратуры і мастацтве, які ставіць мэтай праўдзівы паказ аб’ектыўнай рэчаіснасці ў яе тыповых рысах;

2) здольнасць дакладна ўлічваць наяўныя ўмовы, абставіны, магчымасці;

3) кірунак у сярэдневяковай схаластычнай філасофіі, які сцвярджаў, што агульныя паняцці папярэднічаюць рэчам і рэальна існуюць незалежна ад іх.

рэалі́ст

(ад с.-лац. realis = сапраўдны)

1) прадстаўнік рэалізму ў літаратуры, мастацтве;

2) асоба, якая вызначаецца практычным падыходам да жыцця, умее цвяроза ацэньваць наяўныя ўмовы, абставіны, магчымасці.

рэа́лія

(н.-лац. realia, ад с.-лац. realis = сапраўдны)

кожная рэч матэрыяльнага свету.

рэало́гія

(ад гр. rheos = цячэнне + -логія)

навука, якая вывучае цякучасць і дэфармацыю рэчываў (вадкасцей, дысперсных сістэм і інш.).

рэальга́р

(фр. réalgar, ад ар. rahdž al gār = пыл капальні)

мінерал класа сульфідаў аранжавага, чырвонага колеру; руда мыш’яку.

рэа́льны

(с.-лац. realis = сапраўдны)

1) які існуе ў рэчаіснасці, сапраўдны, не ўяўны;

2) заснаваны на разуменні і ўліку наяўных умоў, абставін, магчымасцей;

3) які можна практычна ажыццявіць (напр. р. план).

рэампута́цыя

(ад рэ- + ампутацыя)

паўторная ампутацыя, выпраўленне формы куксы з мэтай пратэзавання.

рэаніматало́гія

(ад рэанімацыя + -логія)

раздзел медыцыны, які вывучае метады ажыўлення арганізма чалавека, што знаходзіцца ў стане клінічнай смерці, а таксама спосабы недапушчэння клінічнай смерці пры аперацыях.

рэанімато́лаг

(ад рэанімацыя + -лаг)

спецыяліст у галіне рэаніматалогіі.

рэаніма́цыя

(ад рэ- + лац animatio = ажыўленне)

сукупнасць мерапрыемстваў па ажыўленню чалавека, які знаходзіцца ў стане клінічнай смерці, аднаўленне раптоўна страчаных функцый арганізма.