Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

візо́рый

(ад лац. visus = зрок)

палігр. рухомая драўляная вілка для прыціскання арыгінала да тэнакля і ўказвання на радок, які набіраецца.

візуалі́зм

(ад лац. visualis = зрокавы)

прыём у мастацтве, мэта якога — выклікаць зрокавыя ўяўленні (руху паверхні, мігцення, свячэння).

візуа́льны

(лац. visualis = зрокавы)

які праводзіцца простым вокам або пры дапамозе аптычных прылад (в-ыя назіранні).

ві́ка

(н.-лац. vicia)

травяністая расліна сям. бабовых, пашыраная ва ўмераных зонах; расце на лугах, у стэпах, лясах; некаторыя віды высяваюцца на зялёны корм.

вікантэ́са

(фр. vicomtesse)

жонка або дачка віконта.

віка́рны

(лац. vicarius = які замяшчае)

замяшчальны;

в-ыя віды — сістэматычна блізкія віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (напр. дуб скальны, вядомы на паўднёвым захадзе Беларусі, і дуб звычайны, пашыраны на ўсёй тэрыторыі).

віка́рый

(лац. vicarius)

памочнік архірэя ў праваслаўнай царкве, прыхадскога святара — у каталіцкай.

вікарыя́т

(ад лац. vicarius = які замяшчае)

з’ява, пры якой блізкія віды раслін або жывёл займаюць розныя арэалы ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах.

вікасо́л

[ад ві(тамін) K + лац. sol(utio) = раствор]

водарастваральны аналаг вітаміну К, лекавы сродак для спынення крывацёку, лячэння жаўтухі, гемарою, прамянёвай хваробы і інш.

ві́кінг

(ст.-сканд. vikingr)

старажытнаскандынаўскі марскі воін, удзельнік нападаў на еўрапейскія краіны.