Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рыбасо́мы

[ад рыбо(за) + сома]

арганоіды клетак чалавека, жывёл і раслін, функцыяй якіх з’яўляецца біясінтэз бялкоў.

рыбафлаві́н

[ад рыбо(за) + лац. flavus = жоўты]

вітамін В2, які ўваходзіць у склад рада ферментаў, што ўдзельнічаюць у акісляльных працэсах у арганізме; змяшчаецца ў раслінных і жывёльных тканках, асабліва многа яго ў малацэ, печані, дражджах.

рыбо́за

(англ. ribose)

просты цукар, які выступае як састаўная частка некаторых біялагічна важных злучэнняў, напр. нуклеінавых кіслот, вітамінаў.

ры́бстул

(шв. ribbstol)

спартыўны снарад, які нагадвае рад вертыкальна пастаўленых драбін; гімнастычная сценка.

ры́вулус

(н.-лац. rivulus)

рыба атрада карпазубых, якая пашырана ў прыбярэжнай зоне вадаёмаў Амерыкі.

рывуля́рыя

(н.-лац. rivularia)

каланіяльная сіне-зялёная водарасць класа гармагоніевых, якая пашырана ў прэсных, саланаватых і марскіх водах.

рыгадо́н

(фр. rigaudon)

старадаўні французскі парны танец.

рыгары́зм

(фр. rigorisme, ад лац. rigor = суровасць)

суровае, няўхільнае следаванне якім-н. маральным правілам, прынцыпам.

ры́гель

(ням. Riegel = засаўка)

1) гарызантальная кароткая бэлька, распорка ў будаўнічых канструкцыях;

2) засаўка ў дзвярах.

рыгі́днасць

(ад лац. rigidus = цвёрды)

мед. нягнуткасць, выкліканая напружаннем мышцаў.