Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рудыме́нт

(лац. ridimentum = зачатак, пачатковая ступень)

1) астаткавы, недаразвіты орган, які страціў у працэсе эвалюцыі сваё асноўнае значэнне, напр. вочы ў крата, хваставыя пазванкі і апендыкс у чалавека;

2) перан. астатак, рэшткі якой-н. з’явы.

руды́сты

(н.-лац. rudistae, ад лац. rodis = грубы)

вымерлыя малюскі класа двухстворкавых з ракавінай, правая створка якой прырастала да падводных прадметаў, а левая служыла стрэшкай.

рудэра́льны

(ад лац. rudus, -deris = шчэбень, будаўнічае смецце);

р-ыя расліны — расліны, якія растуць на сметніках, каля платоў, на звалках.

ру́дэрпіс

(англ. rodder-piece, ад rodder = руль + piece = частка)

вертыкальная частка рулявой рамы, да якой мацуецца плоскасць руля судна.

ру́дэрпост

(англ. rudder-post, ад rodder = руль + post = слуп)

вертыкальны брус кармавога канца судна, на які навешваецца руль.

ру́жа

(польск. róża, ад лац. rosa)

кустовая расліна сям. ружавых з пахучымі кветкамі разнастайнай афарбоўкі і калючым сцяблом, пашыраная ва ўмераных і субтрапічных зонах, а таксама кветка гэтай расліны.

руі́ны

(лац. ruina)

1) разбураны будынак;

2) перан. нешта запушчанае, змарнаванае.

рукза́к

(ням. Rücksack, ад Rücken = спіна + Sack = мяшок)

заплечны рэчавы мяшок.

рула́да

(фр. roulade, ад rouler = каціць)

1) раскацісты, хуткі, віртуозны перакат у спяванні;

2) перан. пералівістае спяванне птушак.

руле́т

(фр. roulette, ад rouler = каціць)

1) ежа з сечанага мяса з вараным яйкам ці іншай начынкай, запечанага ў выглядзе прадаўгаватага акруглага кавалка;

2) кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы;

3) пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай.