э́рэ
(сканд. ore)
разменная манета Швецыі, Нарвегіі і Даніі, роўная 1/100 кроны2 1.
эрэ́б
(гр. Erebos)
падземнае царства цемры ў старажытнагрэчаскай міфалогіі.
эрэйтафо́бія
(ад гр. ereutho = раблю чырвоным + -фобія)
неадчэпны страх пачырванець перад субяседнікам.
эрэ́ктар
(англ. erector, ад лац. erigere = падымаць, напружваць)
1) перасоўнае прыстасаванне для механізаванага ўстанаўлівання цюбінгаў або блокаў пры будаванні тунэляў, шахт;
2) анат. мышца, якая выпрамляе якую-н. частку цела, напр. тулава (гл. эрэкцыя 2).
эрэ́кцыя
(лац. erectio = выпрамленне, набуханне)
1) набуханне і зацвярдзенне мужчынскага палавога члена пры палавой узбуджанасці;
2) выпрамленне якой-н. часткі цела, напр. тулава.
эрэмаго́н
(н.-лац. eremogone)
травяністая расліна сям. гваздзіковых з вузкалінейным лісцем і дробнымі белымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная пераважна ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы; на Беларусі трапляецца рэдка.
эрэму́р, эрэму́рус
(н.-лац. eremurus, ад гр. eremos = адзінокі + ura = хвост)
травяністая расліна сям. лілейных з доўгім прыкаранёвым лісцем і шматкветкавай буйной гронкай белага, жоўтага або ружовага колеру, пашыраная ў Паўд.-Усх. Еўропе і ў стэпах, паўпустынях Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
эрэты́зм
(гр. erethisma)
павышаная нервова-псіхічная ўзбуджальнасць і раздражняльнасць.
эсе́нцыя
(лац. essentia = сутнасць)
1) моцны настой або раствор чаго-н., які перад выкарыстаннем разбаўляюць вадой;
2) перан. тое, што і квінтэсенцыя (напр. э. фактаў).
эска́дра
(фр. escadre)
буйное злучэнне ваенных караблёў або самалётаў.