Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэцэ́

(афрыкаанс tsetse)

афрыканская жывародная муха, якая корміцца крывёю жывёл і чалавека і з’яўляецца пераносчыкам узбуджальнікаў соннай хваробы.

цюба́ж

(фр. tubage)

метад апаражнення жоўцевага пузыра ад яго змесціва (пераважна пры хранічным халецыстыце) без дапамогі зонда, шляхам прыёму хворым сульфату магнію.

цюбеце́йка

(цюрк. tjubetej)

круглая або вастраверхая шапачка з вышыванымі або тканымі ўзорамі.

цю́бік

(ад фр. tube = трубачка)

мяккая трубачка з металу, пластмасы для мазі, клею, пасты, змесціва якой дастаецца выцісканнем.

цю́бік

(англ. tubing)

металічная ці жалезабетонная пліта ў выглядзе сегмента, якая з’яўляецца часткай воданепранікальнага цыліндрычнага мацавання шахт і тунеляў.

цюк

(гал. tjuk)

вялікі звязаны пакунак тавару; вялікая звязка чаго-н.

цюль

(фр. tulle)

лёгкая празрыстая сятчастая тканіна.

цюльпа́н

(іт. tulipano)

цыбульная травяністая расліна сям. лілейных з буйнымі кветкамі рознай формы і афарбоўкі, пашыраная ў Паўд. Еўропе, Малой і Усх. Азіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

цюфя́к

(тат. tuśek)

гнуткае пакрыццё каля мастоў, плацін для засцярогі рэчышча ракі і берагоў ад размыву.

чаба́н

(кр.-тат. ćoban, ад перс. śuban)

пастух авечых атар.