Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

мо́дуль

(лац. modulus = мера)

1) назва важнага каэфіцыента, мерка якой-н. велічыні ці ўласцівасці (напр. м. пругкасці);

2) мат. пастаянны множнік, на які трэба памножыць лагарыфм адной сістэмы, каб атрымаць лагарыфм другой сістэмы;

3) умоўная адзінка даўжыні, якая ўжываецца для каардынацыі памераў збудаванняў і іх частак;

4) частка (вузел) складанай сістэмы, якая выконвае самастойную функцыю ў розных тэхнічных канструкцыях;

5) частка касмічнага карабля, якая можа самастойна ажыццяўляць палёт.

мо́дус

(лац. modus = мера, спосаб)

1) разнавіднасць, праяўленне, норма;

2) філас. мінучы стан або мінучая ўласцівасць матэрыі;

3) лог. разнавіднасць сілагізму.

мо́дус вівэ́ндзі

(лац. modus vivendi = спосаб жыцця)

1) часовы дагавор па якім-н. міжнародным пытанні, заключаны бакамі ў разліку на яго канчатковае ўрэгуляванне ў наступным;

2) фактычны стан адносін, які прызнаецца зацікаўленымі бакамі.

мо́дый

(лац. modius)

старажытная мера аб’ёму вадкасцей і сыпкіх цел, роўная ў старажытнарымскай сістэме мер прыблізна 9 л, у старажытнаарабскай — каля 40 л.

мо́йва

(рус. мойва, ад фін. maiva дробная рыба)

марская рыба сям. корушкавых з падоўжаным і сплюснутым з бакоў целам; з’яўляецца аб’ектам промыслу.

мо́ка

(ар. Mokka = назва порта ў Йемене)

адзін з лепшых гатункаў кавы.

мол

(іт. molo, ад лац. moles = насып)

агараджальнае збудаванне ў выглядзе доўгага вала, якое засцерагае караблі ў порце ад марскіх хваль.

моль1

(іт. molle = мяккі)

тое, што і мінор 1 (проціл. дур.).

моль2

(лац. moles = маса)

адзінка колькасці рэчыва ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), якая змяшчае столькі атамаў, іонаў ці малекул, колькі атамаў змяшчаецца ў 0,012 кг вугляроду-12.

мо́мант

(лац. momentum)

1) імгненне, міг, вельмі кароткі прамежак часу;

2) этап у развіцці чаго-н., у жыцці каго-н. (напр. бягучы м.);

3) асобны бок якой-н. з’явы (напр. дадатны м.).