Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аплаві́тна ’багата’, у выразе сытна і аплавітна (КТС). Польск. obfity < ст.-польск. opłwity ’багаты, шчодры’. Параўн. серб.-харв. о̀плавити ’заліць, затапіць, навадніць’. Пэўна, ад значэння такога тыпу — *оплавитный ’такі, што залівае, навадняе, робіць, што ўсяго ў дастатку’. Параўн. укр. опливати ’мець у дастатку’. Цікава, што ў старабеларускай і стараўкраінскай мовах ужывалася запазычанае з старапольскай ужо трансфармаванае обфитый, обфитость, обфитовать (Бярында, 147). Для тлумачэння семантыкі трэба ўлічваць яшчэ рус. дыял. оплавить сноп ’абмалаціць’, тое ж, што і обить сноп (Даль), ад чаго обилие ’багацце’ пры чэш. obilí ’збожжа’. Для этымалогіі польскага слова гл. Брукнер, 370.

Аплаві́чнік ’сушаніца балотная (багнавая) Gnophalium ulginosum’ (Крывіч, 4, 1923). Утворана ад кораня лексемы плаў ’багна’ (Талстой, Геогр., 171 і наст.) пры дапамозе прэфікса о‑, які ўказваў на тое, што расліна гэта расце каля багны; суфікс сведчыць аб магчымасці прамежкавай формы тыпу *плавіца. Параўн. таксама поплавіца трава, якая расце ў вадзе’ (Талстой, Геогр., 172).

Апла́вы ’жаночая хвароба, трывалы і цяжкі крывацёк’ (Нас.). Множны лік ад аплав(а), утворанага, пэўна, ад аплываць ’цячы’ (напрыклад, аб свечцы). Славянскія паралелі невядомы, аднак гэта зусім не азначае, што слова не было вядома іншым славянам. На назву такой сур’ёзнай і да таго ж саромнай хваробы магло накладацца табу: параўн. адсутнасць назвы для крывацёку ў класіфікацыі рускіх народных назваў хвароб Мяркулавай (Этимология, 1967, 159), што зусім не азначае адсутнасці такой назвы ў мове. Па мадэлі словаўтварэння — слова старажытнае, магчыма нават праславянскае. Параўн. польск. upławy выдзяленні з жаночых палавых органаў’. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 68.

*Апла́тва, опла́тва ’абчасанае бервяно ў апошнім вянцы зруба над бэлькамі’ (Шушк.). Польск. oplatwa ’тс’, укр. платва верхняя бэлька ў зрубе’, славац. platva ’плоскі кавалак матэрыялу, якім што-небудзь закрываюць’. Зважаючы на ўкраінскую і славацкую формы, можна дапусціць другаснасць пачатковага о‑ як фанетычнай пратэзы, хаця гэта і не неабходна. Ад дзеяслова (а)плаціць з суф. ‑тва (параўн. малітва); роднасна слову плот ’агароджа’, плыт. Іншая магчымасць: ад дзеяслова *пластаць ’дзяліць на пласты (плахі)’, на што ўказвае чэш. plastva ’пласт’, давала б тлумачэнне слова як больш старажытнага. Узаемаадносіны беларускага, украінскага, польскага, славацкага слоў няясныя: тут магчыма захаванне старога агульнага слова, а таксама адлюстраванне ўзаемных уплываў.

Апле́нь, опле́нь м. і ж. р., оплени, опленка, плень, воплень, оплин ’частка воза’, якая стаіць на восях і на якую ставіцца драбіна, выкарыстоўваецца як паваротны механізм; частка паміж дзвюма палавінамі санак’ (Маслен.). Рус. дыял. оплени, аплени ’?’ укр. оплін, оплінь, опління, оплені, оплена; у Жэляхоўскага апрача значэння оплін ’падушка ў возе’ даецца ’падушка на канапе’. Славац. oplen ’частка воза (і вагона)’, чэш. oplín, серб.-харв. о̀плен, славен. oplèn ’частка воза’ (дыял. óplen), балг. дыял. опле́н ’тс’; параўн. польск. дыял. oklenie ’пэўная частка саней’. Праславянскае слова няяснага ўтварэння. Махэк₂ (416) рэканструюе праслав. *oplěmnъ і параўноўвае з грэчаскай назвай часткі кола πλήμνη, функциональна падобнай да апленя. Магчыма, трэба параўнаць з *oblъ, ад якога чэш. oblina ’круглая частка чагосьці’. Іншая версія: *oplenъ < *o‑plet‑nъ (Трубачоў, пісьм. паведамл.). Гл. яшчэ запазычанае з славянскага (MESz, 1, 777) вянг. eplény з блізкім да славянскага значэннем.

Аплё́т ’пляцень’ (П. С., 146). Аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад аплятаць. Гл. плесці.

Аплі́к. Гл. гаплік.

Апліка́цыя ’ўзор, малюнак, створаны шляхам наклёпвання ці прышывання рознакаляровых кавалачкаў паперы, матэрыі і інш.’ (БРС); ’навучанне пісарскай справе’, аплікант ’практыкант пры адвакаце ці землямеры’, аплікавацца (Нас., Гарэц.). Крыніца: лац. applicatio ’прыяднанне’. З лацінскай у старапольскую мову са значэннем ’дастасаванне, перадача’, aplikować прадаваць, прысвойваць’. Ст.-бел. aplikacya ў значэнні ’вучэнне’ і ’прымяненне, дастасаванне’ (Гарб.). Ст.-укр. апплѣковати ’прыкладаць’ з XVII ст. Гэта значэнне як устарэлае фіксуецца ў сучаснай польскай мове; развіццём яго тлумачыцца і ’практычнае навучанне’, а таксама слова aplikant. Таму бел. аплікацыя ў другім значэнні (цяпер устар.) можна лічыць засвоеным праз польскую мову ці паралельна з польскай. Параўн. для рускай сцвярджэнне Шанскага, 1, А, 131, аб запазычанні рус. аппликация ў старых значэннях з польскай у Пятроўскую эпоху. Сучаснае літаратурнае значэнне, магчыма, запазычана з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе яно фіксуецца з XIX ст. (ССРЛЯ); у такім значэнні слова фіксуецца ў Дарашэўскага з прыкладамі сярэдзіны XX ст.

Аплэ́вух ’непаваротлівы, неахайны чалавек’ (Жд.). Прыведзены як прыклад сказ: «Аплэвух гэты, апусціў крылля, смаркачэ вечна блішчаць на вусах» указвае на імавернасць утварэння ад пляваць агентыўным суфіксам ‑ух (параўн. пастух), які, аднак, звычайна нясе націск. Адсутнасць націску можа тлумачыцца аналогіяй з не́слух. Параўн. рус. оплёвыш, оплеванец ’зняважаны чалавек’ (Даль). Цвёрдасць л — вынік экспрэсіі значэння слова. Значэнне ’непаваротлівы’ (прыклад яго не пацвярджае, але і не пярэчыць яму) можа весці да параўнання з літ. ãplamis ’непаваротлівы чалавек’, аднак і ў гэтым выпадку адбыліся беларуская словаўтваральная апрацоўка і значная фанетычная змена, выклікання, магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем слова, якое мае экопрэсіўнае значэнне. Параўн. яшчэ аблавухі.

Апляву́ха (БРС), апляву́х (Федар., 6, 64), апляву́шына (Клышка, Пол., 1969, 2, 251), пляву́ха (Бяльк.). Рус. оплеу́ха (у слоўніках з 1731 г.), оплеу́шина, оплеу́шить. Першаснае значэнне, магчыма, не ’ўдар’, а дзеянне ці вынік аплявання — выраза знявагі да чалавека; утворана, як зацірацьзаціруха, ад апляваць. Параўн. у рус. слоўніку першай палавіны XVIII ст.: оплевати «слинами заплевати, чином уничтожити, презрити» (Рукоп. лексикон, 242). Таму ‑в‑ не ўстаўное, як лічыў Карскі, прымаючы этымалогію Міклашыча, 71, аб паходжанні слова ад вуха. Сабалеўскі (Лекции, 142) больш дакладна ўказвае на выпадзенне ‑в‑ у рускай літаратурнай мове. Тлумачэнне слова ад апляваць праз звычай пляваць на руку перад тым як ударыць, якое прымае Фасмер, 3, 145, спасылаючыся на Брандта РФВ, 25, 33 наст., непатрэбна. Праабражэнскі (1, 653) зводзіць слова да пляваць і бляваць (даючы дыял. облеуха) без удакладнення семантычнага ходу ўтварэння слова, указваючы, што сувязь з вуха — другасная. Формы тыпу поўха, поўшына (Бяльк.) указваюць на магчымасць народнаэтымалагічнай сувязі са словам вуха.