Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Апаве́даць ’паведаміць’ (Гарэц., Жд.). Рус. опове́дать, польск. opowiadać, чэш. opověděti, славац. opovedať, в.-луж. wopowědać, н.-луж. wopowědaś, серб.-харв. опо̀видети ’тс’. Ст.-бел. оповедити з XVI ст. (Гіст. мовы, 1, 55). Магчыма, агульнаславянскае ўтварэнне з коранем *věd‑ і дзвюма прыстаўкамі *o‑ + *po‑; не выключана, што тут і новаўтварэнні на базе агульнай формы з прыстаўкай *po‑ (прычым на пашырэнне значэння ў некаторых мовах магла ўплываць пэўная мова, напр., чэшская).

Апавяда́нне (літар. тэрмін). Укр. оповідання, польск. opowiadanie. З польскай; замацавалася на пач. XX ст. (Гіст. мовы, 2, 147). Ст.-бел. оповеданье (з XVI ст. — Гіст. мовы, 1, 240) ’аб’ява’ ад дзеяслова апавядаць (гл.).

Апавяда́ць. Ст.-бел. з пач. XVII ст.: оповѣдати (Карскі, 1, 440–441; Александрыя); укр. оповіда́ти, польск. opowiadać, н.-луж. wopowědaś. Пашырэнне ў мовах, якія сутыкаліся з польск., сведчыць аб верагоднасці запазычання з польск.

Апавяда́чы, павяда́чы ’расказчык’ (Гарэц.). Параўн. укр. і польск. з суф. ‑ач. Бел. утварэнне ад апавядаць своеасаблівае, па ўзору іншых агентыўных назоўнікаў-прыметнікаў (анялісты, арганісты).

Апавясці́ць. Рус. оповести́ть, укр. оповісти́ти, балг. оповестя. Небясспрэчна сцвярджэнне аб запазычанні бел. апавясціць у пач. XX ст. з рус. (Гіст. мовы, 2, 142).

Апа́д ’яблыкі і іншая садавіна, якая сама апала’, апа́дкі, апа́дак ’тс’, ’дождж, снег і інш.’ Рус. дыял. опад, опадок (аб садавіне); укр. опади, польск. opad (аб метэаралагічнай з’яве). Дзеяслоў *opadati агульнаславянскі, ужываецца ён і ў адносінах да садавіны, але толькі ў беларускай мове замацаваўся аддзеяслоўны назоўнік са значэннем ’апаўшая садавіна’ з суфіксам ‑ак (< *‑ъкъ) ці ўтвораны бязафіксным спосабам (які выкарыстоўваецца ў польскай і ўкраінскай мовах для абазначэння метэаз’явы).

Апазо́рваць ’насміхацца’ (Сцяшк.), з рус. опозоривать ’ганьбіць, знеслаўляць’.

Апа́л. Рус. дыял. опал ’апаленае месца’, укр. опал ’ацяпленне, паліва’, польск. opał ’тс’, чэш., славац. opal (спец.) ’акаліна’, ’загар’, в.-луж. wopał ’апёк’. Бязафікснае ўтварэнне ад дзеяслова апаліць, апальваць. Пры замацаванні значэння ’паліва’ магчымы польскі ўплыў.

Апала́нт, пала́нт ’гульня, падчас якой удзельнікі спаборнічаюць ва ўменні далей паслаць кароткую палку’ (Янк. II). З польск. palant ’лапта’ < італ. palla ’шар, галка’, pallare ’гуляць у мяч’ (Брукнер, 391). Параўн. яшчэ ўкр. ополоничок ’дзіцячая гульня’. Гл. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Апала́ць, апаланкі, апалечка, апалічы, апалушкі. Гл. палаць.