Апле́нь, опле́нь м. і ж. р., оплени, опленка, плень, воплень, оплин ’частка воза’, якая стаіць на восях і на якую ставіцца драбіна, выкарыстоўваецца як паваротны механізм; частка паміж дзвюма палавінамі санак’ (Маслен.). Рус. дыял. оплени, аплени ’?’ укр. оплін, оплінь, опління, оплені, оплена; у Жэляхоўскага апрача значэння оплін ’падушка ў возе’ даецца ’падушка на канапе’. Славац. oplen ’частка воза (і вагона)’, чэш. oplín, серб.-харв. о̀плен, славен. oplèn ’частка воза’ (дыял. óplen), балг. дыял. опле́н ’тс’; параўн. польск. дыял. oklenie ’пэўная частка саней’. Праславянскае слова няяснага ўтварэння. Махэк₂ (416) рэканструюе праслав. *oplěmnъ і параўноўвае з грэчаскай назвай часткі кола πλήμνη, функциональна падобнай да апленя. Магчыма, трэба параўнаць з *oblъ, ад якога чэш. oblina ’круглая частка чагосьці’. Іншая версія: *oplenъ < *o‑plet‑nъ (Трубачоў, пісьм. паведамл.). Гл. яшчэ запазычанае з славянскага (MESz, 1, 777) вянг. eplény з блізкім да славянскага значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)