Апла́вы ’жаночая хвароба, трывалы і цяжкі крывацёк’ (Нас.). Множны лік ад аплав(а), утворанага, пэўна, ад аплываць ’цячы’ (напрыклад, аб свечцы). Славянскія паралелі невядомы, аднак гэта зусім не азначае, што слова не было вядома іншым славянам. На назву такой сур’ёзнай і да таго ж саромнай хваробы магло накладацца табу: параўн. адсутнасць назвы для крывацёку ў класіфікацыі рускіх народных назваў хвароб Мяркулавай (Этимология, 1967, 159), што зусім не азначае адсутнасці такой назвы ў мове. Па мадэлі словаўтварэння — слова старажытнае, магчыма нават праславянскае. Параўн. польск. upławy выдзяленні з жаночых палавых органаў’. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)