Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скрамі́ць(ца) ‘уціхамірыць’ (Нас.). З польск. skromić (się) ‘тс’. Апошняе ад скром‑ (гл. скромны) (Варш. сл.).

Скрампаваць ‘моцна ўвязаць вяроўкамі’ (Шат., Сержп.). З польск. skrępować ‘тс’.

Скрасе́нне ‘нядзеля’ (Бяльк.; арш., Нар. сл.). З рус., ц.-слав. воскресе́нье ‘тс’.

Скра́ўза ‘кавалачак мяса ў супе’ (гродз., ЖНС). Няясна.

Скрозь прысл. і прыназ. ‘усюды, кругом’, ‘заўсёды, праз увесь час’, ‘праз, цераз што-небудзь; навылёт’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.), скрузь ‘тс’ (Мат. Гом.), скрозь ‘праз’, ‘супроць’ (Ян.); а таксама крозь, кроз, круз, крызь ‘праз, скрозь’, ‘усюды’ (ТС). Укр. скрізь, рус. скрозь, польск. skroś, wskroś, чэш., славац. skrz, skrze, серб.-харв. скро̑з, славен. skrọ̀z, балг. дыял. скръз; таксама ўкр. крізь, славац. krez, kroz, серб.-харв. кро̏з, кро̏за, балг. кроз, кръз, ст.-слав. скръзѣ. Прасл. *(s)kъrъ > *(s)kъrsъ ‘насупраць, праз’, параўн. літ. sker̃sas ‘папярок’. Далей дапускаюць кантамінацыю *kers‑ і *skvozě (рус. сквозь), а корань *kers‑ узводзіцца да і.-е. *kerts‑ ад *kert‑ ‘рэзаць’. Гл. Фасмер, 3, 658 з літ-рай; БЕР, 6, 805; Махэк₂, 549 (< прасл. *skrozě); ESSJ SG, 1, 237–238.

Скро́йка ‘луста хлеба’ (Байк. і Некр.). Рус. дыял. скрой, скро́я, скро́ек ‘тс’, укр. скро́йка ‘выкрайка’, чэш. skrojek ‘скібка хлеба; скрылік чаго-небудзь’, серб.-харв. скро̑ка ‘адрэзак; сегмент’. Да скроіць < кроіць (гл.) з суф. ‑к(а).

Скром ‘заечы тлушч, які ўжываецца як лякарства пры вонкавых ранах’ (Нас., Байк. і Некр.). З польск. skrom ‘скаромная тлустая ежа; заечы тлушч’ (Карскі, Белорусы, 149; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60; Кюнэ, Poln., 97). Параўн. скорам.

Скро́міць, скрэ́міць ‘зрэзаць верх хвоі’ (ТС). Да кром1 ‘хвоя са спілаванай вяршыняй для борцей’(гл.).

Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Скронь ‘бакавая частка чэрапа ад вуха да лобнай косці’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС), скронь, скро́на ‘тс’ (паст., астр., шчуч., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), скронь ‘вейка’ (Нас.), ‘калена’: пасадзі дзіця на скроні (Мат. Маг.). Паводле фанетыкі (склад ‑ро‑), запазычанне з польск. skroń ‘скронь’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60). Параўн. укр. скро́ня ‘тс’, рус. скоро́нь ‘тс’, дыял. скорынья́ ‘сківіца’, рус.-ц.-слав., серб.-ц.-слав. скрания ‘скронь’, каш. skrńå ‘скронь, шчака’, чэш. skráň ‘тс’, славац. skráň, škraňa ‘выпукласць на шчацэ, ягадка’, в.-луж. skroń, н.-луж. skŕono ‘скронь, ягадка’, славен. skrȃnj, skrenja ‘падбародак, ягадка, сківіца’. Прасл. *skornь. Усе версіі не вельмі надзейныя. Параўноўвалі з ст.-ісл. hvarmr ‘павека’ і, далей, з лац. parma ‘кароткі круглы шчыт’. Паралель у грэч. κρανίον ‘чэрап’ (Мацэнаўэр, LF, 20, 20 і наст.; Брукнер, 496) адвяргаецца Фасмерам (3, 653) па фанетычных прычынах. Махэк₂ (548) набліжае да прасл. *černъ ‘карэнны зуб’. Аднак не выключае праславянскае паходжанне і ўзвядзенне да *skrena на падставе н.-луж. škrjeny мн. л., дыял. škrjena ‘верхняя сківіца’ (Шустар-Шэўц, 1296), што дазваляе трактаваць беларускія і ўкраінскае словы як рэфлексы старога *skronь (Сной у Бязлай, 3, 248). Магілёўскае скронь ‘калена’ або памылковы запіс, або змена значэння ў выніку дээтымалагізацыі.