Скронь ‘бакавая частка чэрапа ад вуха да лобнай косці’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС), скронь, скро́на ‘тс’ (паст., астр., шчуч., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), скронь ‘вейка’ (Нас.), ‘калена’: пасадзі дзіця на скроні (Мат. Маг.). Паводле фанетыкі (склад ‑ро‑), запазычанне з польск. skroń ‘скронь’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60). Параўн. укр. скро́ня ‘тс’, рус. скоро́нь ‘тс’, дыял. скорынья́ ‘сківіца’, рус.-ц.-слав., серб.-ц.-слав. скрания ‘скронь’, каш. skrńå ‘скронь, шчака’, чэш. skráň ‘тс’, славац. skráň, škraňa ‘выпукласць на шчацэ, ягадка’, в.-луж. skroń, н.-луж. skŕono ‘скронь, ягадка’, славен. skrȃnj, skrenja ‘падбародак, ягадка, сківіца’. Прасл. *skornь. Усе версіі не вельмі надзейныя. Параўноўвалі з ст.-ісл. hvarmr ‘павека’ і, далей, з лац. parma ‘кароткі круглы шчыт’. Паралель у грэч. κρανίον ‘чэрап’ (Мацэнаўэр, LF, 20, 20 і наст.; Брукнер, 496) адвяргаецца Фасмерам (3, 653) па фанетычных прычынах. Махэк₂ (548) набліжае да прасл. *černъ ‘карэнны зуб’. Аднак не выключае праславянскае паходжанне і ўзвядзенне да *skrena на падставе н.-луж. škrjeny мн. л., дыял. škrjena ‘верхняя сківіца’ (Шустар-Шэўц, 1296), што дазваляе трактаваць беларускія і ўкраінскае словы як рэфлексы старога *skronь (Сной у Бязлай, 3, 248). Магілёўскае скронь ‘калена’ або памылковы запіс, або змена значэння ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)