Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром 1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).