Кро́іць ’разразаць матэрыю і інш. на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Жд. 2, Янк. I, ТС, Сцяшк., Касп., Сл. паўн.-зах.), разразаць’ (Сержп. Пр., Кліх, Вешт. 1, Гарэц.). Укр. кроіти, рус. кроить, ст.-рус. кроити ’тс’, балг. кроя, макед. крои, серб.-харв. кро̀јити, славен. kròjiti ’тс’, польск. kroić, чэш. krojiti, славац. krojiť, в.-луж. krejić, палаб. krüjĕ ’тс’. Прасл. krojiti — адыменны дзеяслоў, паходзіць ад krojь (Ваян, Gram. comp., 3, 417–418). У сваю чаргу прасл. krojь ад першаснага дзеяслова *kriti, які не мае надзейных балтыйскіх адпаведнікаў (параўн., аднак, Атрэмбскі, SI, 177, які звязвае са славянскім дзеясловам літ. raikýti ’рэзаць’). Іншыя індаеўрапейскія паралелі ўскладнены n‑дэтэрмінатывам: ст.-грэч. κρίνω, лац. cerno < *crino ’раздзяляць’ (Трубачоў, Эт. сл., 12, 181–182). Параўн. асабліва семантычна блізкія лац. cerno ’прасяваю’ і рус. кроить ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)