Ско́рам ‘тлустая скаромная ежа’ (Нас.; брасл., ашм., воран., кам., Сл. ПЗБ). Укр., рус. ско́ром, стараж.-рус. скоромъ ‘тлушч, масла’, ‘скаромная ежа’, рус.-ц.-слав. скрамъ ‘тлушч, маслістасць’, польск. skrom ‘тлушч, сала’, серб.-харв. скра̏ма ‘плеўка, футра, струп’, балг. скрам ‘слой тлушчу пад ежай’, макед. скрама ‘плёнка, пенка (на паверхні вадкасці)’. Прасл. *skormъ ‘тлушч’ таго ж паходжання, што і корм, карміць (гл.), ад і.-е. кораня *(s)ker‑ ‘рэзаць’, з ‑m‑ пашыральнікам, г. зн. ‘тое, што аддзіраецца, адразаецца, напрыклад, слой тлушчу, сала і г. д.’; гл. Фасмер, 3, 653; Брукнер, 496; Скок, 3, 269; БЕР, 6, 790; Пятлёва, Этимология–1974, 16; Мартынаў, Этимология–1968, 17. Іншыя версіі: параўнанне з лац. cremor ‘густы сок, які здабываецца з раслінных рэчываў’ (гл. Патабня ў Праабражэнскага, 2, 308), або з літ. šeŕti ‘карміць скаціну’, грэч. κορέυνΰμι ‘накормліваю’ і г. д. (Вальдэ-Гофман, 1, 204) — адхіляюцца па фанетычных прычынах. Параўн. корм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)