Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).

Смурглі́ ‘соплі’ (гродз., Сл. ПЗБ), смэ́рглі ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), смэ́ргі ‘тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ); сюды ж смэргу́ль ‘смаркаты чалавек’ (Жд. 2), смэ́ргля ‘тс’ (Скарбы), смэ́ргель, смэ́ргля ‘сапляк, недаростак’ (Скарбы), смаргу́ль ‘вельмі скупы чалавек’ (в.-дзв., Шатал.). Выводзяць з літ. smùrgliai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 507), што можна аднесці толькі да часткі форм. Хутчэй экспрэсіўная дэфармацыя дэрыватаў ад сморгаць (гл.).

Смуро́д ‘непрыемны, агідны пах’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), смо́рад ‘тс’ (Нас., Бяльк., Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж смуро́д, сморо́д ‘чорныя парэчкі’ (ТС), смуро́да ‘тс’ (Бяльк.), смуро́ды ‘тс’ (Касп., Нік. Очерки). Укр. смо́рід, рус. смо́род, стараж.-рус. смородъ, польск. smród, в.-луж. smród, н. -луж. smrod ‘смурод; кал; чаромха’, чэш., славац. smrad, серб.-харв. смра̑д, славен. smrȃd, балг. смра́д, макед. смрдеа, ст.-слав. смрадъ. Прасл. *smordъ (іншая ступень чаргавання ў смярдзець, гл.) дакладна адпавядае літ. smárdas ‘смурод, агідны пах’, лат. smar̂ds ‘пах’, smarda ‘пах; апетыт; жаданне’, гоц. smarna ‘кал’, грэч. μορύσσω ‘рабіць чорным, пакрываць сажай, копаццю’; гл. Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561–562. Галосны ‑у‑ ў першым складзе тлумачыцца ўплывам кораня смур‑/хмур‑ (параўн. рус. пасмурный ‘пахмурны’), а таксама польск. smród. Фанетычная змена о > у, што сустракаецца ў некаторых дыялектах, не можа вытлумачыць такі пераход, бо ў час такой змены корань павінен быў гучаць як *smaród‑ (Векслер, Гіст., 115). Сной₂ (563) разглядае *smordъ як дэвербатыў ад прасл. *smorditi (параўн. польск. smrodzić), каузатыўнага дзеяслова ад прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’ (гл.).

Смуры́жыць ‘вадзіць па чым-небудзь; паціраць, церці’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк.), ‘шаркаць нагамі пры хадзьбе’ (Сцяшк. Сл.), ‘змякчаць вяроўку трэннем’ (Юрч.), смура́жыць ‘тс’ (Бяльк.). Гл. мурыжыць, няяснага паходжання; магчыма, да муругі ‘рыжы (гл.), параўн. балг. му́ргав ‘смуглы’, рус. сму́рый ‘цёмна-шэры’, што можа быць звязана з смуніць (гл.). Фасмер (3, 693) рус. смурыгать ‘церці, часаць’ следам за Праабражэнскім (2, 338) разглядае як ітэратыў да сморгать (гл. сморгаць).

Сму́та ‘мяцеж, паўстанне, беспарадак’, ‘душэўнае замяшанне, трывога, хваляванне’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘смутак, сум’ (Нас., Шымк. Собр., Бяльк.), смут ‘тс’ (Бяльк.). Укр. сму́та ‘сум, журба; закалот, рокат, хваляванне’, рус. сму́та ‘мяцеж, сумятня, разруха; замяшанне, хваляванне’, стараж.-рус. съмутъ ‘сарамлівасць, хваляванне’, славац. smut, smuta ‘сум, журба’, серб.-харв. сму̏та ‘завіруха’, балг. смут ‘бунт, беспарадкі; сумятня’, макед. смут ‘бунт, беспарадкі; сумятня, разгубленасць’. Прасл. *sъmǫta < *sъmǫtiti, параўн. ст.-слав. съмѫтити ‘усхваляваць, узбурыць, збянтэжыць’. Да муціць, гл. (Фасмер, 3, 694; ЕСУМ, 5, 331).

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́ць ‘сумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2-3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątk ‘д’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.

Смутуя́сіць ‘пляткарыць’ (Касп.). Не вельмі яснае ізаляванае слова. Відаць, складанае; першая частка да смута, муціць (гл.), другая частка, магчыма, да асновы яс‑, якая ў польск. дыял. jasać ‘крычаць, вішчаць’, чэш. jasati ‘радавацца, весяліцца’, укр. яса́ ‘погаласка, шум’.

Сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС), смыч, смоч, смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл.), смы́чка, смы́чаўка, смы́каўка ‘яжджаль, асака светла-зялёнага колеру, якая пачынае расці ранняй вясной’ (ЛА, 1, Расл. св.), смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл., ЛА, 1), смуча́й ‘травяністая расліна, падвей’ (ПСл). Параўн. укр. смича́й, смуча́й ‘падвей, Eriophorum vaginatum L.’, смича́ль ‘азёрная расліна’, харв. дыял. smȗcal ‘нейкая трава’. Відаць, да смыкаць, смукаць ‘тузаць, цягаць, вырываць’ (гл.), параўн. му смучай сму́каем на шчоткі (ПСл). Паводле ЕСУМ (5, 321), матывацыя тлумачыцца лёгкасцю аддзялення лістоў ад кораня.

Смуччыні́на ‘барана з зубамі з сукоў’ (Касп.). Дэрыват з суф. ‑ін(а) ад ⁺смычаны, залежн. дзеепр. прош. ч. дзеяслова смыкаць (гл.).

Сму́шак ‘шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурак такога ягняці’ (ТСБМ, Сержп.), ‘душагрэйка з аўчыны’ (Нар. сл.). Параўн. укр. смух, сму́шок ‘вырабленая аўчына’, рус. дыял. смух, сму́шек ‘тс’, польск. smuch, smusz, smuszek, в.-луж. smóška ‘тс’. Паводле Брукнера (504), з нов.-в.-ням. Schmasche ‘скура ягняці’, с.-в.-ням. smaschîn (XIV ст.), smasse (XV ст.); аднак паходжанне нямецкага слова таксама няяснае. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 341, Фасмер, 3, 694 (ва ўсходнеславянскіх з польскай) ЕСУМ, 5, 332.