Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скаблі́ць. Гл. скобла, скобля.

Скабу́рка ‘скарынка зямлі (замёрзшая, якая крышыцца)’ (мядз., Нар. словатв., Сцяц.). Дэрыват ад ска́ба (гл.) з суф. ‑урк‑, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 181–182. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) змяшчае гэтае слова ў гняздо дэрыватаў ад прасл. *skab‑; падрабязна гл. пад ска́ба. Параўн. скару́бак ‘скарынка, засохшы верх густой cтравы’ (гл.), што можа сведчыць аб зыходнай форме, у якой адбылася частковая метатэза зычных.

Скаварада́ ‘патэльня’ (ТСБМ; Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 4), скаравада́ (Шатал., З нар. сл.), скараво́да (Бяльк.), скароўда́ (Сцяшк.), скварада́ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), скаварэ́нда, скоўрада́ (Сл. Брэс.) ‘тс’. Укр., рус. сковорода́, ст.-рус. сковорода, польск. skowroda, н.-луж. škórodej, в.-луж. škorodej, ст.-чэш. skravada, skrovada, ст.-слав. сковрада ‘прылада для катавання’. Прасл. *skovorda, *skovordy, ‑ъve. Этымалогія няясная. Параўноўваюць з ст.-в.-ням. scart, ‑isan ‘кацялок, патэльня’, с.-в.-ням. scharte ж. р., schart м., н. р. ‘тс’; гл. Ільінскі, ИОРЯС, 24, 1, 114–115; Брандт, РФВ, 24, 176, Махэк₂, 548; Фасмер, 3, 644. Зычны ‑в‑ тлумачыцца ўплывам слав. *skvara (гл. скварыць) і роднасных. Супраць Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 14–15), які выводзіць славянскае слова з формы, блізкай арм. skavaŕak, перс. sukōra (sukurra) ‘міска, сподак, талерка’, крыніцай якіх ён лічыць грэч. σκεναρίδα, вытворнае ад σκεναριν ‘маленькая пасудзіна’. Спробы выдзеліць архаічны прэфікс ско‑ (sko‑) пры каранёвым ворд‑/вард‑ (< *vьrd‑) ‘жордка, прут’ (Куркіна, Этимология–1988–1990, 57–60) не пераконваюць па семантычных прычынах. Вытворныя ад скаварада: скаваро́днік, скаварадзе́нь ‘чапяла’, ‘блін або ляпёшка, спечаныя на патэльні, праснак’ (Шымк. Собр., Касп.).

Скаваро́дзіць ‘баранаваць’ (Сцяшк. Сл.), скарадзі́ць ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.). Да скарадзі́ць (гл.) пад уплывам скаварада.

Скаваро́дка ‘званец вялікі, Rhinanthus major L.’ (Касп.), ‘званец летні, Rhinthus aestivalis L.’ (Кіс.), скаваро́дкі ‘званец вялікі’ (Гарэц., Байк. і Некр.). Да скаварада (гл.); назва па знешнім выглядзе — плоская раскрытая чашачка і выступаючы двугубы вяночак; гл. Нейштадт, Определитель, 502 і наст.

Скава́ць ‘цкаваць’ (Сл. ПЗБ, Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы). Гл. цкаваць.

Ска́вічак (ска́вічок) ‘мяшочак для адціскання сыру, клінок’ (лун., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Параўн. фармальна падобнае каш. skovëčk ‘бярозавы сок’, якое Борысь (SEK, 4, 285) выводзіць з першаснага *sьkovъ ад *sьkati ‘выдзяляць сок’; тады гэта ‘тое, пры дапамозе чаго выціскаюць сыроватку’. Гл. яшчэ Борысь, Etymologie, 59. Сюды ж яшчэ васкавень, васкавік, аскавень (гл.), якія, відаць, адлюстроўваюць другаснае збліжэнне з воск. Параўн. скадаў (гл.).

Скавы́ліць ‘гучна, моцна плакаць’ (мёрск., Нар. лекс.), польск. дыял. skavuleć ‘скавытаць (пра сабаку)’. Відавочна, гукапераймальнае. Параўн. скавытаць, скаголіць, скагатаць (гл.).

Скавы́рыць ‘галасіць, раўсці’ (Касп.), параўн. старое польск. skowyrać, skowérać ‘бурчаць, бубнець’. Гукапераймальнае. Больш падрабязна гл. скавытаць; параўн. таксама папярэдняе слова.

Скавыта́ць ‘жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку)’, ‘ныць, назаляць, скардзіцца’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мал., Федар. 6, Варл., Сл. ПЗБ), ‘голасна плакаць’ (Скарбы), ско́выт ‘віск’ (стаўб., Нар. словатв.). Укр. скавуча́ти, рус. сковыта́ть, скавуча́ть, польск. skowytać, skowyczeć ‘тс’, чэш. skovičet, славен. skovíkati ‘ухаць (пра саву, пугача)’. Гукапераймальнае; гл. Фасмер, 3, 644. Брукнер (496) параўноўвае яшчэ з польск. kuwiek ‘вабік’, kuwiekać ‘вабіць вабікам’, славен. skovík ‘крык савы’, skovíkati ‘крычаць (аб саве)’. Узыходзіць да і.-е. *(s)kāu̯‑, *(s)kēu̯‑, *(s)kū́ ‘выць’, ‘мычаць, рычаць’; гл. Бязлай, 3, 247; Борысь, 553; SEK, 4, 286.