Скарадзі́ць ‘разрыхляць бараной зямлю’, ‘пакідаць баразну, след’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Янк. 1, Растарг., Юрч.), скаро́дзіць ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Шат., Гарэц., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр.), скородэ́тэ ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ). Укр. скоро́дити, рус. зах. і паўд. скороди́ть, польск. skródlić ‘тс’. Звязана чаргаваннем з рус. царк. оскорд ‘вялікая сякера’, ст.-слав. оскръдъ ‘матыка’. Прасл. *skorditi. Паралелі ў літ. skardýti ‘разрываць (зямлю), здрабняць’, лат. skā̀rdit ‘таўчы, здрабняць, крышыць’, літ. sker̃sti ‘калоць (свіней)’, лат. škḕrst ‘расколваць, разразаць (аб тушы)’, ст.-прус. skurdis ‘кірка, матыка’, ст.-англ. sceort ‘кароткі’, англ. short ‘тс’, с.-в.-ням. scherze ‘абрэзак, скіба’. Балтаславянскі корань *skerd‑ (*skird‑ літ.), *skurd‑ > *skord (Фрэнкель, 802; Махэк₂, 421), далей да і.-е. *sker‑ ‘рэзаць’ з ‑d‑расшыральнікам, гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 652; ЕСУМ, 5, 282.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)