Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Растапу́цце ’разводдзе’ (Юрч. Вытв.). Кантамінацыя распу́цце1 (гл.) і растапіць (пра лёд), гл. тапіць.

Растапша́ ’разява’ (Бяльк.), ’няўмелы, нязграбны’ (віл., Сл. ПЗБ). Гл. расто́па2.

Растапы́рыць ’няўклюда расставіць, развесці, рассунуць у бакі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ростопу́рыць ’расставіць, разявіць, распусціць’ (ТС). Параўн. рус. дыял. растопы́рить ’тс’. Апошняе ўтворана з экспрэсіўным ‑то‑ ад распырить (гл. пырыць), што, паводле Фасмера (3, 446) азначае ’расправіць, распушыць пер’е’.

Растара́цца ’набыць, прыдбаць, знайсці (пераважна пазычыць што-небудзь)’ (бялын., Янк. 3.). Дээтымалагізацыя ў выніку скарачэння доўгага зычнага на стыку прыстаўкі і кораня ў расстарацца. Да старацца (гл.).

Растаргну́цца ’развесціся (пра мужа і жонку)’ (рэч., Нар. сл.). Нягледзячы на наяўнасць зыходнага дзеяслова торгаць (гл.), хутчэй за ўсё размоўнае (іранічнае?) засваенне рус. расто́ргнуть (шлюб), параўн. таксама рус. дыял. расторг ’развод, скасаванне шлюбу’.

Растарма́ха ’нехлямяжы, нязграбны чалавек’ (Ласт.), растармаха́ны ’раскудлачаны’ (Сл. ПЗБ), растармэ́ха ’неахайны чалавек’ (Сцяшк. Сл., Сл. рэг. лекс.), растармэ́ханы ’неахайны’, растармасі́ць ’разарваць, тузаючы’ (Нас.). Гл. тармасіць.

Растаро́п1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр. росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус. росторо́пный ’кемлівы’, польск. roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл. *torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’вярцець’, ст.-інд. trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ. tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpà ’працвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ. stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ. stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл. *torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.

Растаро́п2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́ць ’прыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус. дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіць ’распускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск2 (гл.). Не выключана сувязь з літ. strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.

Растаро́плівацца (растаро́плювацца) ’развідняць’ (Ян.). Магчыма, да папярэдняга слова.

Растаро́пша ’расліна Silybum marianum Gaertn.’ (Кіс.). Народная назва калючкі; відаць, запазычана з рус. расторо́пша ’тс’ ці укр. росторо́пша ’тс’, ’расліна мардоўнік’.

Растарэ́кваць ’шмат гаварыць’ (чэрв., Гіл.; Сцяшк. Сл.). Да гукапераймальнага та́ры, гл. тары-бары, тараторыць, параўн. рус. тара́каць ’балбатаць’, славен. tarẹ́kati ’тс’ і інш. Параўн. прастарэка (гл.). Сюды ж, відаць, растарэк ’нязгода, сварка’ (Гарб.).