Ро́ба ’грубае рабочае адзенне (звычайна парусінавае або брызентавае)’ (ТСБМ). Відаць, з рус. роба ’тс’, якое ўзыходзіць да франц. robe, італ. roba ’адзенне’ < ст.-в.-ням. roub ’абрабаванне, здабыча’ (Фасмер, 3, 487).
Ро́бак ’стракатая тканіна для саяноў’ (жытк., Мат. Гом.). Гл. рабак 2.
Ро́бат ’аўтамат, які выконвае складаныя дзеянні, падобныя да дзеянняў чалавека’ (ТСБМ). Праз рус. ро́бот з чэш. robot ’штучны, механічны рабочы’, створанага Карлам Чапекам у драме «R.U.R.» (1920 г.). Узыходзіць да раннепрасл. *orbъ > прасл. *robъ/*rabъ ’раб’ < і.-е. *orbhos.
Ро́беркі, рёбірцы ’рэбры’ (Юрч. СНЛ). Да рабро (гл.).
Ро́біць ’працаваць, рабіць’ (Нас., Бяльк., Жд. 2, Сцяшк.; міёр., З нар. сл.; Байк. і Некр.; віц., валож., іўеў., лун., калінк., ЛА, 2) ро́біць сена ’касіць сена’ (калінк., ЛА, 1), ст.-бел. робити. Да рабі́ць (гл.) у выніку абагульнення асабовых формаў (ро́біш, ро́біць, ро́бім і інш.).
Ро́бкі ’пужлівы’ (Ян.). З рус. робкий ’тс’, ро́бок ад роб < прасл. *orbъ > *robъ/*rabь ’раб’ < і.-е. *orbhos: ст.-інд. arbhakás, árbhagas ’маленькі, слабы, малады’, árbhas ’тс’ (Уленбек, 14; Фасмер, 3, 487).
Ро́бля, рабе́ба, рабе́ля ’работа, дзеянне’ (слаўг., Яшк.). Экспрэсіўныя ўтварэнні: робля ад робіць ’рабіць’, як купля; рабе́ба — відаць, калька з балтыйскіх моў, параўн. лат. darbība ’дзеянне’, iedarbība ’уплыў’; рабе́бля — утварылася ў выніку кантамінацыі папярэдніх лексем.
*Ро́бур, ст.-бел. робуръ ’дзяржава; магутнасць’ (1653 г.) < лац. rōbur ’тс’, роборовати ’падмацоўваць’, якое са ст.-польск. roborować ’зацвярджаць юрыдычна, завяраць’ < лац. rōborāre ’узмацняць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 33).
*Ро́бушак, ро́бушок ’верабей’ (Сл. Брэс.). З ⁺воробушок шляхам усячэння пачатковых в‑, потым ‑о‑ як прыстаўных.
Ро́вал ’веласіпед’ (докш., Сл. ПЗБ; докш., ЛА, 2) — у выніку распадабнення p…р > р…л. Да ровар (гл.).