Ро́шаны ’вырашаны’ (Жд. 3). Да раша́ць (гл.). Мена а > о (пад націскам), як плаці́ць — апло́чаны.
Рошва ’карункі, якія ўшываюцца ў навалачкі ці ў настольнікі’ (лях., Янк. Мат.; шкл., КЭС; Жд. 1; капыл., Жыв. сл.; Бяльк., Мат. Маг.). Праславянскі (?) рэгіяналізм *orz‑šьva, утвораны, як *podъ‑šьva ’тое, што падшыта’. Да шыць (гл.). Першапачаткова абазначала ’распоратае ўздоўж шва’, параўн. серб. ра̀шити, харв. ràšiti ’распароць, расшыць уздоўж шва’, укр. розшивати ’распорваць’, польск. rozszywać ’ушываць уставу’. Сюды ж ро́шаўка ’расшэўка, карункі, ушытыя ў сярэдзіну абруса, ручніка, прасціны’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ), ро́шшыўка ’карункі ў навалачках’ (навагр., Нар. сл.), якія больш позняга ўтварэння.
*Рошкап, ст.-бел. рошкопъ, розкопъ, рошкофъ ’упрыгожанне на галаве каня’ (1577) са ст.-польск. roskop < с.-в.-ням. roskop (Булыка, Лекс. запаз., 120), якое з Roß ’конь’ і Kopf ’галава’.
Рошт ’рыштаванне’, ’вышкі, насціл’, ’рашотка, часовая падлога’, ’кладкі на высокіх калках, калодках, па якіх ходзяць у паводку’, ’памост на дрэве для борці’, ’падмосткі з яловых галін для спання на зямлі’ (ТС, ПСл), роштоваць ’падымаць на памост, падмошчваць’ (ТС). Ст.-бел. роштъ ’каласнік’ (1593 г.) — са ст.-польск. roszt < ням. Rost (Булыка, Лекс. запазыч., 93).
Рошч ’рост, росля’ (іўеў., Сл. ПЗБ). З прасл. *orst‑jь < orsti > расці (гл.).
Ро́шча ’гай’ (стаўб., Прышч. дыс.), ’малады бярэзнік’ (крыч., Яшк.), ’расліннасць’ (Гарэц., Стан.), ’гадаваны ўчастак лісцевага лесу каля населенага пункта’, ’гарадскі парк’ (рэч., слаўг., Яшк.), ’могілкі’ (маг., Яшк.); ’гародніна’ (Жыв. НС); ’працэс росту, рост, развіццё’ (Клім., Сцяц., Ян.; кобр., Нар. лекс.; брэсц., Жыв. сл.; Сл. Брэс., ТС), ’рост у вышыню’ (Скарбы), ’прарослае збожжа’ (Ян.). З прасл. *orst‑ja < *orsti > расці (гл.).
Ро́шчы: жарт. ро́шчый‑су́шчый ’існы, святы’ (мсцісл., Юрч. Вытв.). Не зусім ясна. Відаць, да расці, рошчы ’які вырас’ і існуе.
Ро́шчына, рашчы́на, рошчы́на, рошчэ́на ’рошчына для хлеба, негустое цеста на дрожджах або з закваскай, якое пасля замешваюць’, ’цэментны, будаўнічы раствор’ (ТСБМ, Сержп., Рам. 8, ТС; ЛА, 4; Сл. Брэс., Байк. і Некр.), ’маладое цеста’ (Сцяшк.), ’кулага (страва)’ (Сл. Брэс.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суф. ‑ін‑а са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’. Да расчыняць (< прасл. *orz‑činjati < *činiti > бел. чыні́ць (гл.).
Ро́шшыўка ’карункі ў навалачках’ (навагр., Нар. сл.). Ад расшываць (гл.) як вышыўка < вышываць.
Ро́шына ’крошка’: да абеду нават рошыны ня было ў роця (навагр., Нар. словатв.). Утварэнне з суф. адзінкавасці ‑ін‑а ад крош‑к‑а як дзярніна ’кавалак дзёрну’, вераўчына ’кавалак вяроўкі’, дзе ў якасці ўтваральнага выступае рэчыўны назоўнік, які абазначае цэласную масу, што можа распадацца на асобныя кавалкі. Страта пачатковага к‑, магчыма, пад уплывам раса́, параўн. расінкі ў роце не было. Гл. крошка.