Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́к1 ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rok ’год’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Ро́кат ’раскацістыя гукі, якія зліваюцца ў манатонны гул’ (ТСБМ), укр. ро́кіт, рус. ро́кот ’тс’, рокота́ть ’грукаюць, грукатаць’, рус. карэл. ’моцна спяваць; крычаць’, стараж.-рус. рокотати ’гучаць’. Усходнеславянскае. Зах.-слав. і паўд.-слав. адпаведнікі маюць ‑е‑ у корані і ‑г‑ замест ‑к‑, набліжаючыся да рагатаць, рогат (гл.). Гукапераймальнае (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 497; SEK, 4, 201).

Ро́каш, ст.-бел. рокошъ ’бунт, мяцеж’ (XVI ст.). Відаць, праз ст.-польск. rokosz ’нарада, перамовы’, ’сейм, з’езд’, ’бунт’, якое з венг. Rákos ’поле ў Венгрыі, дзе адбываліся сходы сойму’ > ’(у Рэчы Паспалітай) узброенае выступленне, паўстанне шляхты супраць караля пад лозунгам абароны вольнасцей’, ’бунт, мяцеж’, ’шляхецкі з’езд, сеймік’ (SWO, 1980, 653).

Ро́кі ’сесія’ (Стан., Статут 1529 г.) — да рок1 ’тэрмін’ (гл.).

Рок-н-рол ’дынамічны парны танец амерыканскага паходжання’ (ТСБМ). З амерыканска-англ. rockʼnʼ‑roll ’хістайся і качайся’ < rock ’калывацца, ківацца’, ʼn < and ’і’, roll ’качацца’, якое стала сімвалам новага віду музыкі. Увёў у карыстанне на пач. 50‑х гадоў XX ст. папулярны кліўлендскі дыскжакей А. Фрыд (Рэйзак, 543).