Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рол ’цыліндр, вал, каток, які круціцца’, ро́лік ’невялікае металічнае колца (на ножках мэблі, раяля)’, ’фарфоравы ізалятар для замацавання электрычных правадоў’, рол ’машына для размолу валакністых матэрыялаў, якія служаць для вырабу паперы, кардону’, ’скрутак цыліндрычнай формы з лістоў або суцэльнай паласы якога-небудзь матэрыялу’, (ТСБМ), — усе з ням. Rolle ’тс’, rollen ’качаць’, якія з франц. rôle ’ролік, скрутак, катушка’, а апошняе — з лац. rotula ’колца’ (< rota ’кола’), а таксама раманск. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам для аднаго акцёра)’ > франц. role ’роля (акцёра)’ (Клюге, 604; Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Сной₂, 628; Махэк₂, 515; Рэйзак, 543).

Ро́ле ’загон велічынёй у 10 метраў’ (маляр., Выг.), ролля́ ’ворыва’, ’узаранае поле’ (палес., Выг.; Федар., 6), ро́ля ’ворыва’ (Булг., Сцяшк.). Да ралля́ (гл.).

Ро́лкі, рёўкі, рёлкі, ’насціл для сушэння снапоў’, ’жэрдкі ў ёўні’ (рэч., петрык., акц., светлаг., рэч., Нар. сл.; Мат. Гом.). Да рэлкі (гл.). Параўн. таксама арэлі (гл.).

Ро́льба ’ворыва’ (палес., Выг.). Да ро́ля ’ралля’ < ралля́ (гл.). Суфікс -ба, як у назвах іншых сельскагаспадарчых працэсаў: малацьба, касьба і інш. Гл. ральба.

Ро́лька ’рулон (паперы)’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. rolka ’ролік’ (Мацкевіч, там жа).

Ро́льнік ’земляроб’ (Нас., Сцяц., Байк. і Некр.), ’араты’ (астрав., баран., лід., шальч., ігн., Сл. ПЗБ; астрав., гродз., баран., іўеў., ЛА, 3). З польск. rolnik (Мацкевіч, Сл. ПЗБ). Сюды ж ро́льніцтва і ральні́цтва ’земляробства’, ро́льнічы ’земляробчы’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. ральнік, гл.

Ро́льня1 ’памяшканне на папяровай фабрыцы, дзе ўстаноўлена машына для размолу валакністых матэрыялаў’ (ТСБМ). Да рол (гл.).

Ро́льня2 ’соткі ў полі’ (Жд. 1) ’большая палова прысядзібнага ўчастка калгасніка ў полі, які кожны год даецца на новым месцы’ (стаўб., шчуч., Яшк.) — у выніку кантамінацыі слоў роля ’ралля’ і рольнік ’земляроб’, альбо ў выніку распадабнення ‑лʼ > ‑нʼ‑: ро́льляралля́) > ро́льня.

Ро́ля1 ’драматычны вобраз акцёра’, ’поўны тэкст з п’есы слоў адной дзеючай асобы’, ’работа, занятак’, ’значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rola ’тс’, якое (праз ням. Rolle) з франц. rôle ’роль’, ’спіс’ < лац. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам акцёра’ (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Брукнер, 462; БЕР, 6, 315).

Ро́ля2 ’земляробства’, ’ралля’, ’узаранае поле’ (Нас.), (весня́на) ро́ля ’ралля, веснавое ворыва’ (івац., ЛА, 2), ст.-бел. рольѧ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. рілля́ ’узаранае поле, ралля’, рус. паўд. ро́лия, ро́лья, ро́ля ’ралля, час ворыва’ (Даль), стараж.-рус. ролия ’ралля, ворыва, земляробства’; польск. rola ’апрацоўваемая зямля’, палаб. rülʼă ’узаранае поле’, н.-луж., в.-луж. rola ’ралля’, паўд.-чэш., ходск. rolí, мар. rolʼa ’ворная зямля’, славац. rolʼа ’поле’, ralʼa ’сялянская сядзіба, участак’, славен. rál ’ралля’, râl ’ворыва’, ’час ворыва’, ’узараная зямля’, ’мера плошчы’; харв. rȁl ’мера зямлі 0,73 га’ і orál ’мера зямлі 2519 м²’, ’узаранае поле’; стараж.-рус. раль ’поле’. Прасл. *or–lja (Брукнер, 462), *orlьji < *orə‑vl‑iə < *orə‑vr‑iə (Махэк₂, 516), *orlьja (Рэйзак, 543), якое з дзеепрым. órlъ: Фурлан (Бязлай, 3, 148–149) выводзіць прасл. *orlь з órlъ, якое да прасл. *orti > orati > араць (гл.). З і.-е. *arH‑: лац. arvum ’узаранае поле’, ’луг’, ’дзёран, мурава’, ст.-грэч. ἄρουρα ’ралля’ (Покарны, 63; Фрыск, 2, 147; Вальдэ (1906), 47). З прасл. *orlь утварыўся зборны назоўнік *orlьje > славен. (o)rálje, orolje ’узараная плошча, поле’, ’мера плошчы’, бел. раллё ’ўзаранае поле’, ’ворыва’ (гл. раллё1), чэш. rolí ’поле’, а бел. ралля (гл. ралля1), ц.-слав., стараж.-рус. ролия, укр. рілля́, польск. rola і г. д. — з прасл. *orljьa.