Ралля́ ’узаранае поле, узараная глеба, ворыва’, ’аранне, земляробства’ (ТСБМ, Мат. Гом., Яшк., Сл. ПЗБ), ’зямля, узараная другі раз’ (Смул.), ролья́ ’узаранае поле’ (ТС), райля́ ’ворыва’ (астрав., Сл. ПЗБ), ро́ля ’тс’ (Нас.), ст.-бел. ролья ’ніва, поле’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. рілля́ ’узаранае поле’, рус. дыял. ро́ля, ро́лья ’ворная зямля, поле’, польск. rola ’свежаўзараная зямля, поле’, в.-луж. rola, н.-луж. rola ’тс’, ’палаб. rühljaa, rülʼă, чэш. role ’поле’, славац. roľa ’узаранае поле, ніва’, славен. (o)ralje ’аранне, узаранае поле’, харв. дыял. ràla, серб. раља ’тс’. Мяркуецца праславянская семантыка ’зямля прызначаная пад ворыва і засеў’ і адпаведна ўтварэнне ад *o‑ra‑ti пры дапамозе суф. ‑lьja > *orlьja (Слаўскі, SP, 1, 106; Сэндзік, Prasł., 74–75), хаця больш імаверна значэнне выніку дзеяння, г. зн. ’зямля, якую ужо ўзаралі’. Гл. Брукнер, 462; Фасмер, 3, 498; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; Куркіна, Этимология–1998–1999, 82.