Ро́ля 1 ’драматычны вобраз акцёра’, ’поўны тэкст з п’есы слоў адной дзеючай асобы’, ’работа, занятак’, ’значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rola ’тс’, якое (праз ням. Rolle) з франц. rôle ’роль’, ’спіс’ < лац. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам акцёра’ (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Брукнер, 462; БЕР, 6, 315).
Ро́ля 2 ’земляробства’, ’ралля’, ’узаранае поле’ (Нас.), (весня́на) ро́ля ’ралля, веснавое ворыва’ (івац., ЛА, 2), ст.-бел. рольѧ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. рілля́ ’узаранае поле, ралля’, рус. паўд. ро́лия, ро́лья, ро́ля ’ралля, час ворыва’ (Даль), стараж.-рус. ролия ’ралля, ворыва, земляробства’; польск. rola ’апрацоўваемая зямля’, палаб. rülʼă ’узаранае поле’, н.-луж., в.-луж. rola ’ралля’, паўд.-чэш., ходск. rolí, мар. rolʼa ’ворная зямля’, славац. rolʼа ’поле’, ralʼa ’сялянская сядзіба, участак’, славен. rál ’ралля’, râl ’ворыва’, ’час ворыва’, ’узараная зямля’, ’мера плошчы’; харв. rȁl ’мера зямлі 0,73 га’ і orál ’мера зямлі 2519 м²’, ’узаранае поле’; стараж.-рус. раль ’поле’. Прасл. *or–lja (Брукнер, 462), *orlьji < *orə‑vl‑iə < *orə‑vr‑iə (Махэк₂, 516), *orlьja (Рэйзак, 543), якое з дзеепрым. órlъ: Фурлан (Бязлай, 3, 148–149) выводзіць прасл. *orlь з órlъ, якое да прасл. *orti > orati > араць (гл.). З і.-е. *arH‑: лац. arvum ’узаранае поле’, ’луг’, ’дзёран, мурава’, ст.-грэч. ἄρουρα ’ралля’ (Покарны, 63; Фрыск, 2, 147; Вальдэ (1906), 47). З прасл. *orlь утварыўся зборны назоўнік *orlьje > славен. (o)rálje, orolje ’узараная плошча, поле’, ’мера плошчы’, бел. раллё ’ўзаранае поле’, ’ворыва’ (гл. раллё 1), чэш. rolí ’поле’, а бел. ралля (гл. ралля 1), ц.-слав., стараж.-рус. ролия, укр. рілля́, польск. rola і г. д. — з прасл. *orljьa.