Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Ро́ўба ’дзяўчынка-плакса’ (кіраў., Нар. сл.; мазыр., Мат. Гом.). Да раўці́ (гл.). Суфікс -ба ў беларускіх гаворках у адрозненне ад іншых славянскіх і балтыйскіх моў, дзе ён утварае адцягненыя назоўнікі, тут утварае асабовыя назоўнікі агульнага роду, абазначаючы асоб паводле ўласцівага ім дзеяння (Слаўскі, SP, 1, 61–62; Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 230–233; Сцяцко, Афікс. наз., 33).

Ро́ўґала, ро́ўґало, раўга́ч ’плакса’ (Сцяц.), ро́ўгаць ’моцна плакаць’ (смарг., Сл. ПЗБ), якое Грынавяцкене супастаўляе з літ. raudóti ’тс’ (там жа, 4, 306). Можна згадзіцца з такім меркаваннем, дапускаючы мену літ. ‑d‑ > бел. ‑ґ‑ пад уздзеяннем раґі ’пацёкі на вокнах’. Лаўчутэ (Балтизмы, 129) у якасці балтыйскага адпаведніка падае літ. raudãlius ’плакса’, тлумачачы мену ‑d‑ > ‑g‑ у балт. мовах як заканамерную.

Роўка ’доўгае тонкае бервяно, абодва канцы якога ўкладваюцца ў рашэціну (азярод)’ (Некр.), ’жэрдка ў азяродзе’ (Янк. 2), ’жэрдка (праз раку, на пераходзе)’ (Сцяшк. Сл.), ’роўная жэрдка’ (Мат. Гом.). З рэль, рэлі (гл.). Утвораны як, напрыклад, рус. щельщёлка, з менай ‑ў‑ < ‑л‑. Найбольш верагодна, што з прасл. *rьdlь, роднаснага літ. ar̃das ’шост’, ar̃dai ’каласнікі’ (гл. Фасмер, 3, 466). Параўн. бел. арэлі (гл.), арэльскія гвазды ’тэблі, якімі змацоўваліся плыты’ (Чэрн.).

Роўнава́га ’стан спакою’, ’устойлівасць’ (Байк. і Некр.; Бяльк.). З польск. równowaga ’тс’, якое з’яўляецца калькай з ням. Gleichgewicht ’тс’, а апошняе паводле лац. aequilibrium (Санфельд, Зб. Томсэну, 170; Фасмер, 3, 428).

Роўнадзе́ньне ’раўнадзенства’ (Байк. і Некр.) — неалагізм, утвораны накшталт польск. równonoc ’тс’, а суфікс з канчаткам — калька з адпаведнага рус. ‑ствие.

Роўнале́жнабочнік ’паралелепіпед’ (Байк. і Некр.) — з польск. równoległobok ’паралелаграм’ і суф. *‑ьnikъ.

Роўнале́жнік ’паралель’ (Байк. і Некр.). З польск. równoleżnik ’тс’. Ад яго — роўнале́жны ’паралельны’ (бо польск. równoległy — з іншым суфіксам) і роўнале́жнасць ’паралельнасць’ (параўн. польск. równoległość ’тс’).

Роўнасечная ’бісектрыса’ (Байк. і Некр.) — паўкалька з польск. dwusieczna ’тс’.

Ро́ўнік ’экватар’ (Байк. і Некр.) — з польск. równik ’тс’.