Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ- прыстаўка са значэннем ’аднаўленне або паўторнасць дзеяння; процілеглае дзеянне або супрацьдзеянне’ (ТСБМ). З лац. rě‑ (rěd‑) ’тс’ (Брукнер, 456).

Рэа́льны ’які існуе ў рэчаіснасці’, ’які можа быць здзейснены’ (ТСБМ). Паўторнае запазычанне з рус. реальный. Ст.-бел. реалный ’рэальны’ < ст.-польск. realny ’тс’ < с.-лац. realis ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196).

Рэ́бахі мн. л. ’махлярскія даходы’ (Нас.). Магчыма, з ідыш reveh ’даход, прыбытак’. Польск. арг. rebucha ’хабар’, rebuszka ’гасцінчык’ выводзяць з ст.-яўр. rebuchem ’хабар’ (Каня, Słownik, 188).

Рэ́бе ’спадар (пры звароце да яўрэя) (Нас.). З ідыш reb ’спадар (зварот) < ст.-яўр. rabbī ’настаўнік (зварот)’. Магчыма, форма рэбе ўтварылася пад уплывам клічнага склону (параўн. панпане). Гл. яшчэ рабін1.

Рэбеза́, рэбе́знік ’ірдзест (расліна)’ (ТС). Магчыма, суадносіцца са славацк. ríbezle ’парэчкі’ (і парэчкі, і ірдзест растуць каля рэк), серб. і харв. ribȋz, ribizl ’тс’, славен. ríbez ’тс’ < ням. Ribísel, якое з познелац. rybes(ium) < араб. rībās ’гатунак рэвеня’ (Скок, 137; Сной, 537).

Рэбрапло́днік ’расліна Pleurospermum’ (Кіс.). Назва ўтворана шляхам асноваскладання ад рабро (гл.) і плод (гл.) паводле знешняга выгляду плода, які мае вострыя канты.

Рэ́бры1 ’лазовыя дубцы, якімі сплятаюць нерат’ (Жыв. НС). Перанос паводле знешняга падабенства. Гл. рабро.

Рэ́бры2 ’басаножкі’ (Мат. Гом.). Відавочна, ад рабро (гл.), перанос паводле знешняга падабенства. Падобная семантычная мадэль у рус. ре́мни ’сандалі’. Але нельга выключыць, што лексема ўтворана шляхам фанетычных змен паводле народнай этымалогіі на базе першапачатковага трэпы, трэбы ’абутак на драўлянай падэшве; басаножкі’, дрэпы ’абутак на драўлянай падэшве’ (ЛА, 4). На семантыку маглі паўплываць дрэбы, драбы (гл.) ’рэбры ў кошыку’ (ЛА, 4). Гл. далей трэпы.

Рэбрэ́й ’балотная расліна з вузкімі лістамі і чатырохкутнай разеткай іх унізе’ (ТС). Параўн. чэш. řebřiček ’крываўнік’, славац. rebrica ’парэзнік’, серб. і харв. рѐбрац ’крываўнік’. Магчыма, паводле знешняга падабенства ад рабро (гл.).

Рэ́бус ’тып загадкі’ (ТСБМ). З рус. ребус ’тс’ < ням. Rebus < фр. rébus. Радзімай рэбусаў лічыцца Пікардыя (Францыя), дзе, пачынаючы з XV ст., на карнавалах ладзіліся сатырычныя агляды мясцовага жыцця, якія называліся па-лацінску de rēbus quae geruntur ’пра бягучыя справы’, дзе rēbus — мн. л. Тв. скл. лацінскага rēs ’рэч; справа’ (Брукнер, 457; Фасмер, 3, 454; Сной, 528). Іначай лічыцца, што крыніцай слова стала лацінскае выслоўе non verbis sed rēbus ’не словамі, а рэчамі’, якое таксама звязваюць са згаданымі карнаваламі (Е. Cobham Brewer, Dictionary of Phrase and Fable, 1898).

Рэ́ва ’плакса’ (Янк. Мат.). Укр. ре́ва ’тс’, рус. рёва ’тс’. Да раўці (гл.).