Рэ́ка ’рака’ (ашм., Сл. ПЗБ). Націск пад уплывам польск. rzeka ’тс’, гл. рака́.
Рэ́кат ’кваканне’ (Нар. Гом.). Бязафікснае ўтварэнне ад *ракатаць ’квакаць’, параўн. рус. рекота́ть ’рагатаць, кашляць’. Гл. рокат.
Рэквізі́цыя ’прымусовае адчужэнне за плату або часовая канфіскацыя маёмасці ва ўласнасць дзяржавы’ (Булыка, СІС). З рус. реквизиция ’тс’. Ст.-бел. реквизиция (рэквизыцыя) ’зварот да судовых улад з пэўнай просьбай’ < ст.-польск. rekwizycyja < лац. rĕquīsītīo ’даследаванне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 51).
Рэке́ша ’поўная або неахайная жанчына’, раге́ша ’неахайны чалавек’ (смарг., бярэз., Непакупны, Связи, 194). З літ. rekešỹs ’разгалістае дрэва; няўклюда’, rẽkežis, rekežỹs ’бясформенная рэч’ (Непакупны, там жа). Гл. яшчэ рагеша.
Рэкла́ма ’паведаленне аб якім-небудзь мерапрыемстве, тавары, паслузе з мэтай прыцягнення ўвагі’ (Булыка, СІС). З рус. реклама, якое з заходнееўрапейскіх моў. Крыніца — франц. réclame ’тс’ ад дзеяслова réclamer ’настойліва прасіць, патрабаваць’ < лац. reclāmāre ’гучна выкрыкваць; клікаць’ (Чарных, 2, 108).
Рэ́кнуць ’сказаць, абазвацца, падаць голас, загаварыць’ (ТСБМ, Жыв. НС, Нар. сл., Нар. словатв., Шат.), ’сказаць, папрасіць’ (Сл. ПЗБ), рэ́катэ ’доўга, заікаючыся расказваць’ (ЖНС). Польск. rzeknąć, палаб. rict, н.-луж. rjaknuś, в.-луж. rjeknyć, чэш. řeknouti, славацк. riebiuť ’тс’, серб. і харв. рѐкнути ’сказаць’, балг. река. Прасл. *reknǫti, *rekti. Роднаснымі звычайна лічацца літ. rė́koti, rẽkti ’крычаць’, лат. rēkt ’раўці, рыкаць’ (Махэк₂, 532; Бязлай, 3, 163; Чарных, 2, 109; Сной, 529).
Рэкра́цыя перан. іран. ’важны ўчынак’ (Сл. ПЗБ). Ад рэкра́цыя ’забава, адпачынак’ (гл. яшчэ рэграцыя), якое набыло супрацьлеглае значэнне ў іранічным кантэксце (параўн. ужыванне малайчына пры асуджэнні).
Рэ́крут ’салдат-навабранец’ (ТСБМ), рэ́крут, не́крут (Др.-Падб.). З польск. rekrut ’навабранец’ < ням. Rekrut ’тс’ < rekrutieren ’набіраць, вербаваць’ < фр. recruter ’тс’ (Брукнер, 457; Махэк₂, 512).
Рэкрэа́цыя ’перапынак паміж урокамі’ (ТСБМ). Ст.-бел. рекреяция (рекрацыя) ’адпачынак, забава’ < ст.-польск. rekreacyja < лац. rĕcreātio ’аднаўленне (сіл); ачуньванне’ < rĕcreo ’аднаўляю, умацоўваю’ (Булыка, Лекс. запазыч., 118).
Рэ́ктар ’кіраўнік вышэйшай навучальнай установы’ (ТСБМ). Ст.-бел. ректоръ ’кіраўнік школы’, ’ксёндз філіяльнага касцёла’ < ст.-польск. rektor ’тс’ < лац. rēctor ’кіраўнік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188).