Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэфарма́тар ’той, хто праводзіць рэформу; пераўтваральнік’ (ТСБМ). Ст.-бел. реформаторъ ’прыхільнік кальвінізму’ < польск. reformator < лац. refōrmātor ’пераўтваральнік’ ці непасрэдна з лац. (Булыка, Лекс. запазыч., 173).

Рэфарма́цыя ’правядзенне рэлігійных пераўтварэнняў у духу пратэстантызму’ (Булыка, СІС). Ст.-бел. реформация ’рэлігійнае пераўтварэнне’ < ст.-польск. reformacyja < лац. refōrmātio ’пераўтварэнне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 181).

Рэфера́т ’кароткі выклад якога-небудзь пытання, зместу кнігі’ (ТСБМ). З рус. реферат ’тс’. Ст.-бел. реферацыя ’даклад, справаздача’ < с.-лац. referatio (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Рэфле́ксія ’роздум; аналіз думак, перажыванняў’ (ТСБМ). Паўторнае запазычанне з рус. рефле́ксия ’тс’. Ст.-бел. рефлекцыя ’роздум’ < ст.-польск. refleksyja < лац. reflexio ’думаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 132).

Рэфо́рма ’змена, пераўтварэнне’, ’перабудова’ (ТСБМ). З рус. реформа ’тс’.