Рэнава́цыя ’абнаўленне асноўных фондаў вытворчасці’ (Булыка, СІС). З рус. реновация ’тс’. Ст.-бел. реновация ’абнаўленне завяшчання’ < польск. renowacja ’тс’ < лац. rĕnŏvātio ’абнаўленне; аднаўленне’ < rĕnŏvo ’абнаўляць; аднаўляць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 77).
Рэ́нгі мн. л. ’поліўка з рыбы’ (даўг., Сл. ПЗБ). З лат. renğe ’салака’ (Сл. ПЗБ, 4, 332), параўн. яшчэ серб.-харв. ренга (ха̀ринга) ’селядзец’.
Рэ́нта ’даход ад капіталу, маёмасці або зямлі, які не патрабуе ад уладальніка прадпрымальніцкай дзейнасці’ (Булыка, СІС), ’рэнта, зямельны надзел’ (Сл. ПЗБ). З польск. renta ’тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 332).
Рэнтге́н ’кароткія электрамагнітныя хвалі’ (ТСБМ), рэнге́нт ’тс’ (Сл. ПЗБ), рэге́нт ’тс’ (Сл. ПЗБ, Яўс.). З рус. рентге́н ’тс’, якое з ням. Röntgen ад прозвішча нямецкага фізіка W. Roentgen (Булыка, СІС, 2, 325).
Рэ́нчыць ’шанцаваць’ (Сцяшк. Сл.). Спаланізаваная форма ручы́ць (гл. ручыцца), польскае ręczyć мае зусім іншае значэнне — ’гарантаваць, ручацца’.