Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Рэ́шата 1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата 2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата 3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата 4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата 5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Рэ́шка ’бок манеты, адваротны гербаваму малюнку’ (ТСБМ). З рус. решка ’тс’.

Рэ́шнік 1 ’арэшнік’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ). Ад арэшнік < арэх (гл.).

Рэ́шнік 2 ’тонкія планкі, якія набіваюць пры атынкоўцы’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). Рус. решетины ’тс’, решка ’краты’. Гл. рашотка).

Рэ́шта ’астача, астатак; рэшта’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Нас., Сл. ПЗБ, ТС), ’абрэзак тканіны’ (ЛА, 4), рэшт ’астача, рэшта’ (ЛА, 3), рэйшта ’тс’ (Сцяшк. Сл.), рэшка ’рэшта, астатак’ (Бяльк.). Ст.-бел. решта ’рэшта’ < ст.-польск. reszta < ням. Rest (Булыка, Лекс. запазыч., 81). Сюды ж рэштавы ’астатні’ (Нас.).

Рэ́шты, рашты, рышты ’прыстасаванне ў возе для пашырэння яго пагрузачнай пляцоўкі’ (Нар. словатв.). Відаць, з чэш. rešt, rošt ’бэлька, трама’ < ням. Rost ’краты’. Гл. яшчэ рошт.

Рэшэме́та ’стаўная рыбалоўная пастка з уваходам у цэнтры: Рэшэмета — таке рэшэто з дзірочкой’ (ТС). Магчыма, кантамінацыя рэшата і мятаць. Гл. рэшата.

Рэшэці́ць ’прыбіваць жэрдкі да крокваў’ (ТС). Укр. решетити ’дзіравіць; абрашэчваць’. Да рашотка 1 (гл.).