Рэ́шата 1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).
Рэ́шата 2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.
Рэ́шата 3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.
Рэ́шата 4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.
Рэ́шата 5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).