Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)