Рабро́, рыбро́, ра́бро ’частка скелету’, ’выгнутая частка каркасу’, ’край ці бок прадмета’ (ТСБМ, Сержп. Казкі; кам., докш., крыч., хойн., леп., арш., Сл. ПЗБ), ’спінка ў ложку’ (паст., ЛА, 4), рус. ребро́, укр. ребро́, польск. żebro, чэш. žebro, řebro, славац. rebro, в.-луж. rjebło, н.-луж. robro, robło, палаб. rebrǘ, славен. rẹ́bro, балг. ребро́, макед. ребро, ст.-слав. ребро. Роднаснае да ст.-в.-ням. ribbi ’рабро’, hirni‑reba ’чэрап’, ст.-сакс. ribbi(i), грэч. ἐρέφω ’пакрываць дахам’, ὀροφή ’дах’. Зыходным значэннем і.-е. *rebh‑ было ’пакрываць купалам, дахам’, ’пакрываць’ (пра скляпенне, дах, грудную клетку) (Покарны, 1, 853; Чарных, 2, 102; Фасмер, 3, 453–454). Сюды ж вытворныя рабры́на ’адно рабро’ (ТСБМ; чэрв., зэльв., паст., Сл. ПЗБ; Шушк.), рабры́нка ’рабрына’, ’мяса грудной часткі тушы’, рабрына́ ’рабро’ (Сцяшк.), рабры́ны, рабе́рцы, рабёркі ’рэбры ў кошыку’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)