Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́ба ’грубае рабочае адзенне (звычайна парусінавае або брызентавае)’ (ТСБМ). Відаць, з рус. роба ’тс’, якое ўзыходзіць да франц. robe, італ. roba ’адзенне’ < ст.-в.-ням. roub ’абрабаванне, здабыча’ (Фасмер, 3, 487).

Ро́бак ’стракатая тканіна для саяноў’ (жытк., Мат. Гом.). Гл. рабак2.

Ро́бат ’аўтамат, які выконвае складаныя дзеянні, падобныя да дзеянняў чалавека’ (ТСБМ). Праз рус. ро́бот з чэш. robot ’штучны, механічны рабочы’, створанага Карлам Чапекам у драме «R.U.R.» (1920 г.). Узыходзіць да раннепрасл. *orbъ > прасл. *robъ/*rabъ ’раб’ < і.-е. *orbhos.

Ро́беркі, рёбірцы ’рэбры’ (Юрч. СНЛ). Да рабро (гл.).

Ро́біць ’працаваць, рабіць’ (Нас., Бяльк., Жд. 2, Сцяшк.; міёр., З нар. сл.; Байк. і Некр.; віц., валож., іўеў., лун., калінк., ЛА, 2) ро́біць сена ’касіць сена’ (калінк., ЛА, 1), ст.-бел. робити. Да рабі́ць (гл.) у выніку абагульнення асабовых формаў (ро́біш, ро́біць, ро́бім і інш.).

Ро́бкі ’пужлівы’ (Ян.). З рус. робкий ’тс’, ро́бок ад роб < прасл. *orbъ > *robъ/*rabь ’раб’ < і.-е. *orbhos: ст.-інд. arbhakás, árbhagas ’маленькі, слабы, малады’, árbhas ’тс’ (Уленбек, 14; Фасмер, 3, 487).

Ро́бля, рабе́ба, рабе́ля ’работа, дзеянне’ (слаўг., Яшк.). Экспрэсіўныя ўтварэнні: робля ад робіць ’рабіць’, як купля; рабе́ба — відаць, калька з балтыйскіх моў, параўн. лат. darbība ’дзеянне’, iedarbība ’уплыў’; рабе́бля — утварылася ў выніку кантамінацыі папярэдніх лексем.

*Ро́бур, ст.-бел. робуръ ’дзяржава; магутнасць’ (1653 г.) < лац. rōbur ’тс’, роборовати ’падмацоўваць’, якое са ст.-польск. roborować ’зацвярджаць юрыдычна, завяраць’ < лац. rōborāre ’узмацняць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

*Ро́бушак, ро́бушок ’верабей’ (Сл. Брэс.). З ⁺воробушок шляхам усячэння пачатковых в‑, потым ‑о‑ як прыстаўных.