Раба́к 1 ’гліст’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Казкі; ашм., астрав., смарг., лях., баран., беласт., Сл. ПЗБ), ’чарвяк, вусень’ (воран., нясвіж., ЛА, 1; Бес., Сцяшк. Сл.; ашм., воран., смарг., іўеў., Сл. ПЗБ; віц., Жыв. НС), рабо́к ’вусень’ (Сцяшк.), роба́к ’вусень’ (бяроз., ЛА, 1), светлю́шчы роба́к ’светлячок’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.), ст.-бел. робак ’чарвяк’ (Ст.-бел. лексікон), хробакъ ’тс’ (Вярхоў, З жыцця, 64). Укр. роба́к, польск. robak ’тс’, харв. robak ’чарвяк, які грызе вінаградную лазу’. Выводзяць з *xrěb‑, *xrob‑ (гукаперайманне), параўн. польск. chrobak ’хрушч’, чэш. chrobák ’жук’, ’лічынка чарвяка’, ’чарвяк’, chrobot ’шоргат’, ’хруст’, ’трэск’, якое тоеснае *skreb‑, *skrob‑, з суфіксам ‑ak (Брукнер, 459, Трубачоў, ЭССЯ, 8, 99); параўн. таксама чэш., славац. chrobák ’чарвяк, матыль’, для якіх Махэк₂ (206) рэканструюе форму *rabākos з узмацняльным ch. Харвацкую форму Скок (3, 150) узводзіць да rob ’працаўнік’. Няясна. Усходнеславянскія формы, хутчэй за ўсё, запазычаны з польскай, параўн. у “Алфавите иностранных речей” (XVII ст.): робак, червь (Кохман, Polonica, 49).
Раба́к 2 ’андарак з ільну’ (ст.-дар., мін., ДАБМ, камент., 934), ’спадніца з порту’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ад рабы́ (гл.). Сюды ж рабаццё ’паласатая тканіна’ (ігн., Сл. ПЗБ), рабі́зна, рабакі́ ’тс’ (ЛА, 4).