Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́на1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Ра́нак ’пачатак дня, раніца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́нкі мн. л. ’тс’ (Нас., Бяльк., ТС), ’самым ранкам’ (Растарг.). Параўн. укр. ра́нок, рус. дыял. ра́нок, польск. ranek ’тс’. Суфіксальнае ўтварэнне ад рана, магчыма, дэмінутыўнае. Гл. ра́на2.

*Ранаць, рона́ць ’перамяшчацца зверху ўніз (пра ніты)’: ніт ронае і получаецца зево (петрык., Шатал.). Фанематычны варыянт раня́ць (гл.).

Ранг ’становішча ў іерархіі’ (ТСБМ), ра́нга ’тс’ (Гарэц.). Відаць, праз рускую ці польскую з ням. Rang ’чын’, якое з франц. rang ’ярус, рад, чын, становішча’, першапачаткова ’месца абвінавачанага ў судзе’, гл. і роднаснае рынг (першапачаткова ’абруч’), што праз ням. Ring ’круг, абруч’ суадносіцца з прасл. *krǫgъ, гл. круг (Фасмер, 3, 442; Сной₂, 622).

Рангаві́ска ’ручка ў вілах’, ранкаві́чка, ранкаяска (навагр., Сл. рэг. лекс.), ранкаві́ско ’ручка ад лапаты’ (Сцяшк. Сл.). З польск. rękowisko ’тс’. Форма ранкаяска ўяўляе сабой кантамінацыю польск. rękowisko і rękojeść ’тс’, ранкавічка, відаць, асацыятыўная форма.

Ра́нда і ранда́ ’арэнда’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), рэ́нда ’тс’ (Бяльк.), ’шынок’ (Нас., Касп.), сюды ж рандава́ць ’арандаваць’ (Нас.), ранда́р, ранда́тар ’наймальнік, арандатар; карчмар’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык., Юрч.). Праз польск. arenda, arendować (у сучаснай польскай мове часцей dzierżawa, dzierżawić, dzierżawca) з с.-лац. ar(r)endare < лац. reddō/reddere ’атрыманае аддаць’ > arrenda ’плата за год’ (Брукнер, 6; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 25). У беларускай мове вядомы таксама варыянт ланда́р (Сержп. Казкі) з распадабненнем зычных. Значэне ’шынок’, параўн. да гэтага укр. ора́нда ’тракцір’, рус. смал. ра́нда/ра́ндо ’кабак’, вынікае са спосабу ўтрымання такіх месц праз арандаванне (Фасмер, 3, 442). Барысава (Бел.-рус. ізал., 10–12) рэгіянальнае (бел.-смал.) ранда ’шынок, карчма’ лічыць семантычнай інавацыяй на базе літ. randá/rendá ’арэнда’, што цяжка давесці. Сюды ж рандо́ўля ’стан арэнды; здача ў арэнду’, рандоўства ’ўтрыманне арэнды’, рандо́ўшчык, рандо́ўшчыца ’арандатар, арандатарка’ (Нас.).

Рандаву́с фальк. ’каханак, палюбоўнік’: “Паехаў мой міленькі да млына / А я рандавуса наняла” (БНТ, Жарт. песні). Запазычанне (праз польскую?) з ням. Randezvous ’спатканне’, якое з франц. rendez‑vous ’спатканне, сустрэча, свіданак’ (< se rendre ’накіравацца, адазвацца на запрашэнне, сабрацца’), што служыла ў якасці загаду вайскоўцам для збору (Антропаў, БЛ, 45, 25; Фасмер, 3, 442; Сной₂, 602). Не выключана семантычнае збліжэнне з фармальна падобным ранда́р ’арандатар; карчмар’, гл. ранда.

Ранда́к ’саматканая суконная ў клетачкі спадніца’ (пух., Мат. дыял. канф.). Значэнне слова адназначна сведчыць пра зыходнае андарак (гл.), трансфармаванае ў выніку дээтымалагізацыі, магчыма, пад уплывам рабак2 (гл.).

Ранджу́га ’дзяруга’ (Бяльк.). Відавочна ад *раджуга, што варыянта да радзюга (гл.); штучная назалізацыя, характэрная для некаторых гаворак усходу Беларусі, магчыма звязана з жаданнем зрабіць больш “культурнымі” некаторыя вясковыя словы, параўн. рамбіна (гл.).

Ране́т ’сорт яблыні ці яблыкаў’ (ТСБМ), ранэ́та ’гатунак яблыкаў’ (Сл. рэг. лекс., Нар. словатв.). Параўн. рус. дыял. ране́т, ране́та, ране́тка, польск. renetka, чэш. reneta. З франц. rainette/reinette ’тс’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 293), што звязана са значэннем ’каралева, каралеўскі’. Параўн. варыянтнае ням. Reinette, што з французскай, і Königsapfel ’тс’.