Ра́на 1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.
Ра́на 2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.