Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рак1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Ракава́ць ’жыць на працягу года’ (Нас., ЛП). Ад рок ’год’ па мадэлі век > векаваць. Сюды ж ракавы́ ’гадавы’ (Нас., Сл. рэг. лекс.).

Ра́кавіна1 ’прамежак паміж капытоў у жывёлін’, ’раздвоены капыт (каровы, свінні, казы)’ (ганц., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), ракава́ціна (ганц., Сл. ПЗБ), рако́ўня (чэш., ЛА, 1), ра́кавішкі мн. л. (круп., Лекс. ландш., 56), ра́кавіца (добр.). Істотна, што назва азначае менавіта раздвоены капыт парнакапытных (каровы, свінні, казы). Па існуючай этымалогіі выводзіцца ад *raky, *rakъve ’абалонка’ (Фасмер, 3, 439). Аднак дня акрэслення першаснага значэння трэба звярнуць увагу на ўласна ’прамежак’, адсюль ра́кавіна развівае старажытную семантыку раздвоенасці ці выгнутасці (гл. рак1, 3, ракі).

Ра́кавіна2 ’ракавіна малюска’ (ТСБМ, Мат. Гом.), з-за адзінкавасці фіксацыі ў народнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. ра́ковина ’тс’.

*Ра́кавіна3, ра́ковіна ’нарост, гуз на дрэве’ (ТС). Імаверна, звязана з рак2 (гл.) ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’.

Ракаві́ны ’гадавіна па нябожчыку’ (Растарг.). Параўн. укр. рокови́ни ’тс’. Да рок (гл.).

Ракавы́ ’гадавы’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.; Нас.). Ад рок у значэнні ’год’, параўн. польск. rok ’год’, roczny ’гадавы’. Гл. ракава́ць, рок.

Рака́за (rakáza) ’струменьчык вады з дробных капах на шыбе’, ’пацёкі на твары ад слёз’ (Варл.). Варыянт лексемы рага́за (гл.) з аглушэннем г (відаць, выбухнога). Параўн. рагі ’тс’ (гл.).

Ра́кам, ра́ком ’паўзці ці стаяць, абапіраючыся на ногі і рукі’, ’на карачках’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ракачо́м (ТСБМ), ра́качам (лід., Сл. ПЗБ), ра́кача (шчуч., Нар. словатв.), ра́ка (ТС), ра́чкі, ра́чком (ТСБМ, Ян., ТС), ідзе ра́ком, стаў ра́ка ’задам; як рак’ (ТС). Сюды ж рачкава́ць ’поўзаць ракам, стаяць на карачках’ (ТС), параўн. польск. raczkować (пра дзяцей) (з XVIII ст.). Адыменнае прыслоўе спосабу дзеяння, што ўяўляе застылы склон назоўніка або ўтворанае па гэтай мадэлі (параўн. Карскі 2-3, 75).

Ракама́ту (rakamátu) ’нібы, быццам, лікам’ (Варл.). Відаць, у аснове слова прыслоўе ад рэкці ’сказаць’ (гл. рэ́кнуць) — *ракама́ ’кажучы’, параўн. рако́мсе ’быццам’ (гл.), ст.-бел. ркомо ’як быццам, нібы’ (Ст.-бел. лексікон), у той жа функцыі маўляў (гл.), ст.-рус. рьци, польск. rzekomo ’моў, маўляў’; канец слова ўзыходзіць да ўказальнага займенніка *tъ (гл. тут).

*Ра́капыціна, ра́копуціна, ракопу́ціна ’капыт у свінні, авечкі, каровы’ (ТС). Кантамінацыя ра́котка, рако́тка (гл. ракацень) і копыт ’капыт’ (гл.).