Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Раб ’чалавек, пазбаўлены правоў’, ’чалавек залежны, прыгнечаны’ (ТСБМ), сюды ж раб ліса́вы ’пра няшчырага, ліслівага’ (ТС), у ра́ба: у про́стого ра́ба, у дзерэўя́ного ра́ба, у жэле́зного ра́ба ’гульня, падобная да гульні ў квача’ (ТС), ра́ба ’сялянка або наёмная работніца’ (Нас.), ст.-бел. робъ, рабъ (тут мае месца не пераход а > о, а перавага паралельных утварэнняў з о, гл. Карскі, 1, 96), параўн. рус. ра́б ’раб’, польск. rab ’раб, хлопец’, чэш. rab ’тс’, ст.-чэш. rob ’нашчадак’, славац. rob ’раб, нявольнік, служка’, ст.-славац. rab ’хлопец, палоннік, вязень’, серб.-харв. rȁb ’тс’, rȍb ’хлопец’, славен. r̀ȍb ’тс’, балг. роб, раб ’хлопец, нявольнік, служка’, макед. раб, роб ’тс’, ст.-слав. рабъ, робъ ’хлопец, падданы’. Запазычана з ц.-слав., часцей у спалучэнні раб Божии, раба Божия, параўн. ст.-руск. рабъ ’раб’, ’слуга’, ’прасіцель’; раба ’рабыня’, ’служанка’. Мяркуецца, што формы з a і o з’яўляюцца праславянскімі дыялектнымі варыянтамі, якія выводзяцца з прасл. *orbъ, паводле Скока (3, 151), формы з o — першыя, а формы з a узніклі ў выніку ліквіднай метатэзы прасл. *orb‑ > rab‑ або пераходу ō > a; паводле іншай думкі (параўн. Бязлай, 3, 187; ESJSt, 12, 743), формы з o запазычваліся з паўночнай Славіі ў выніку гандлю рабамі, і, наадварот, формы a распаўсюджваліся з поўдня пераважна ў сакральным ужыванні. Старажытны характар такіх адносін, магчыма, адлюстроўваўся ў назвах гульняў, параўн. балг. ро́ба, на ро́ба ’дзіцячая гульня, пры якой адбываецца падзел і даганянне’ (узводзіцца да роб ’раб’, гл. БЕР, 6, 276) і названыя вышэй палескія гульні. Узыходзіць да і.-е. *orbhos, значэнне якога досыць размытае: ’асірацелы’, ’сірата’, ’маёмасць сіраты’ > ’спадчына’, ’спадчыннік’, ’слабы’, ’маленькі’, ’бездапаможны’ > ’раб’, ’праца раба’. Звязана з гоц. arbaiþs ’работа’, ’патрэба’, ням. Arbeit ’работа’, лац. orbus ’асірацелы’, ’пазбаўлены чаго-небудзь’, ст.-ірл. orbe ’спадчыннік’ (< ’сірата’), ст.-інд. árbha‑ h̊ ’маленькі’, ’дзіця’ (Покарны 1, 781–782; Бенвяніст, Словарь, 233–236; Гамкрэлідзэ–Іванаў, 747; Чарных 2, 91; БЕР, 6, 133; Глухак, 529–530).

Рабава́ць ’забіраць сілай, разбоем’ (ТСБМ, Нас.; астрав., даўг., Сл. ПЗБ), ’разрабляць, бушаваць’ (Нас.), ст.-бел. рабовать, рабовати (з канца XVI ст.). Праз польск. rabować з ням. rauben ’рабаваць’ (Брукнер, 451); паводле Нававейскага (Zapożyczenia, 83, 261) “starsze zapożyczenie adaptowane” з с.-в.-ням. rouben ’тс’.

Раба́к1 ’гліст’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Казкі; ашм., астрав., смарг., лях., баран., беласт., Сл. ПЗБ), ’чарвяк, вусень’ (воран., нясвіж., ЛА, 1; Бес., Сцяшк. Сл.; ашм., воран., смарг., іўеў., Сл. ПЗБ; віц., Жыв. НС), рабо́к ’вусень’ (Сцяшк.), роба́к ’вусень’ (бяроз., ЛА, 1), светлю́шчы роба́к ’светлячок’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.), ст.-бел. робак ’чарвяк’ (Ст.-бел. лексікон), хробакъ ’тс’ (Вярхоў, З жыцця, 64). Укр. роба́к, польск. robak ’тс’, харв. robak ’чарвяк, які грызе вінаградную лазу’. Выводзяць з *xrěb‑, *xrob‑ (гукаперайманне), параўн. польск. chrobak ’хрушч’, чэш. chrobák ’жук’, ’лічынка чарвяка’, ’чарвяк’, chrobot ’шоргат’, ’хруст’, ’трэск’, якое тоеснае *skreb‑, *skrob‑, з суфіксам ‑ak (Брукнер, 459, Трубачоў, ЭССЯ, 8, 99); параўн. таксама чэш., славац. chrobák ’чарвяк, матыль’, для якіх Махэк₂ (206) рэканструюе форму *rabākos з узмацняльным ch. Харвацкую форму Скок (3, 150) узводзіць да rob ’працаўнік’. Няясна. Усходнеславянскія формы, хутчэй за ўсё, запазычаны з польскай, параўн. у “Алфавите иностранных речей” (XVII ст.): робак, червь (Кохман, Polonica, 49).

Раба́к2 ’андарак з ільну’ (ст.-дар., мін., ДАБМ, камент., 934), ’спадніца з порту’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ад рабы́ (гл.). Сюды ж рабаццё ’паласатая тканіна’ (ігн., Сл. ПЗБ), рабі́зна, рабакі́ ’тс’ (ЛА, 4).

Рабале́пны ’ліслівы, рабскі, угодлівы’, рабале́пстваваць ’быць рабалепным’ (ТСБМ), сюды ж рабалепства ’падляганне’ (Гарэц.). Запазычана з рус. раболе́пный, раболепство, раболе́пствовать ’тс’, дзе ў сваю чаргу са ст.-слав. раболѣпьно ’па-рабску, як раб’.

Рабарба́р ’рэвень’ (смарг., лудз., Сл. ПЗБ), раба́рбар ’тс’ (Цых.), рэба́рак ’тс’ (Гарэц. 1), укр. рабарба́р, польск. rebarbara, чэш. rebarbora, літ. rabárbaras, лат. rabarbers. Назва прыйшла з лац. r(h)eubarbarum, г. зн. Rheum barbarum ’варварскі рэвень’, праз чэшскую або польскую, у якія трапіла з нямецкай, параўн. ням. Rhabarber ’рэвень’ (Брукнер, 456; Станкевіч, Зб. тв., 1, 112).

Раба́тка ’вузенькая градка’ (Мат. Гом.). Праз польск. rabatka, rabata ’градка для кветак’ з ням. Rabatte ’градка для кветак’, ’абшлаг’, якое з галандскага агародніцтва, куды яно ў сваю чаргу трапіла з фр. rabat ’лацкан; манішка’ (Махэк₂, 503).

Раба́ць ’памінаць памёршых з амбона, чытаць памінальныя спіскі’ (ТС): Бацюшка рабае ґраматкі, ужэ почаў рабаць пакойнікаў. Мясцовае ўтварэнне ад пачатковага спалучэння раба Божая/раб Божы, якое з ц.-слав. рабъ Божии пры памінанні (Цыхун, Зб. Талстому, 420), параўн. благатаць: дзяк пачне благатаць да спеваць (Сержп., Казкі), ад ц.-слав. благодать ’дабро, дабрата’.

Рабаця́га ’старанны, шчыры працаўнік’ (ТСБМ, Нас.; шальч., Сл. ПЗБ), робогця́га ’тс’ (ТС), рабацяќа ’працаўнік’ (Ян.), ст.-бел. (склонавыя формы) роботягу, роботягомъ (Сл. Скар.), роботяговъ, укр. роботя́га ’працавіты чалавек’. Утворана ад рабо́та (гл.) з экспр. суф. ‑аг‑а, параўн. Карскі (2–3, 34) адносна роботѧга (XVI ст., Скарына).

Рабаці́нне ’вяснушкі або ямкі на скуры; рабізна на паверхні вады’ (ТСБМ), рабаце́нне, рабаце́не, рабаццё, рабаце́ня, рабаце́нё ’вяснушкі’ (Сл. ПЗБ), ’пашкоджанне скуры ад воспы’ (Сцяшк.), рабоце́нье, рабоці́нье ’воспіны’ (ТС). Паводле народных уяўленняў, як вынік разбурэння гнёздаў птушак: Птушкі пораш, затоя і рабаццё (смарг., Сл. ПЗБ; Архіў БЭЛА). Ад рабы́ (гл.).

Рабача́й ’працаўнік’ (Гарэц.; ашм., Стан.; віл., Анім.). Назоўнік, утвораны шляхам семантычнай кандэнсацыі са спалучэння рабочы чалавек па тыпу рата́й (Станкевіч, Зб. тв., 1, 69). Параўн., аднак, харв. rabàčati ’штосьці рабіць, займацца нечым’, rabačalo ’ветрагон’, якія Скок (3, 91) разглядае як вытворныя з суфіксам ‑ač ад ц.-слав. раб (Божии) ’служка’.