Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рад1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.

Рад2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.

Ра́да ’парада, павучанне’, ’сход’ (ТСБМ), ’парада, сродак’ (Нас.), ’парада, дапамога, работа’ (Ян., Бяльк.), ’парада’ (астрав., шальч., віл., маст., мядз., шчуч., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’спосаб, змова’ (Юрч.), ’нарада родных і сваякоў’ (ТС), ’сродак, выхад’, ’рада’ (Гарэц.), даць ра́ды ’справіцца з чым-, кім-небудзь’ (Калюга), ст.-бел. рада ’парада’, радити, радить, укр. ра́да, рус. дыял. ра́да, польск. rada ’рада, парада’. Лічыцца, што ўсходнеславянскія мовы запазычылі гэтую лексему праз польскую з с.-в.-ням. rât ’рада’, параўн. ням. Rath, rathem ’радзіць’, інд. rādh‑noti ’набываць; атрымліваць карысць’, авест. rāda‑ ’дабівацца чаго-небудзь, мець клопат’ (Фасмер, 3, 429; Брукнер, 452). Бязлай (3, 143) выказвае сумненне ў запазычаным характары слова, рэканструюе прасл. *radъ, што да і.-е. *rōdh‑, параўн. ст.-інд. rādha‑ ’блаславенне, поспех, шчодрасць’. Сюды ж адносяцца серб. ра́дити, харв. ràditi ’рабіць’, гл. рад2. Дапускаючы такую магчымасць, нельга выключыць змяшэнне са старым запазычаннем праз польскую з нямецкай (Нававейскі, Zapożyczenia, 10) ра́да ’савет, рада (як орган)’ (Гарэц.), параўн. ст.-бел. рада ’орган пры магістраце, які выконваў функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах’.

Радабо́дзіна, радабо́ціна, радабо́ззя ’рэдкае, няякасна вытканае палатно’ (лід., ганц., смарг., мядз., Сл. ПЗБ), радабо́дзь, радабо́ць ’рэдкае (пра палатно, пасеў, сенажаць)’ (Нар. словатв., Варл.), ’рэдкія ўсходы’ (Юрч.), ’грубая, рэдкая тканіна’ (Янк. 3.), radabócie ’рашотка’ (Арх. Федар.), радабо́ддзе: з радабоддзя хмар зрэдку вытыркаўся месяц (Асіпенка, Полымя, 1992, № 5). Ад рад1 (гл.) і бада́ць (< *bosti) (гл.), параўн. серб.-харв. бо̑д ’укол’, ’спосаб шыцця і пляцення’, ’пятля ў пляценні’, ’калючка’, макед. бод ’шывок’, ’вастрыё’, балг. бод ’укол вострым’, ’тып пляцення’, ’шывок пры вышыванні’, якія ўзыходзяць да *bodъ. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 29), ад рэдкі (гл.), у аўтара радкі́: «усё тое, дзе рэдка стаяць бодкі — пункты».

Ра́давацца ’адчуваць радасць’, ра́даваць ’прыносіць, выклікаць радасць’ (ТСБМ), рус. ра́доваться, радовать, укр. ра́дуватися, ра́дувати, польск. radować się, чэш. radovati se, славац. radováť sa, в.-луж. radować so, славен. radovati se, серб.-харв. ра̏довати се, балг. радвам се, ст.-слав. радовати сѧ. Прасл. *radovati sę (< *radъ). Слова не мае роднасных сувязей у іншых і.-е. мовах, акрамя некаторых моў германскай групы. Тут мяркуецца і.-е. корань *red‑ (: *rod‑) ’радасны, вясёлы’, ’падбадзёрваць’; славянскія словы з прасл. коранем *rad‑ супастаўляюцца з англ.- сакс. rōt ’радасны’, ’вясёлы’, ст.-ісл. rǿtask ’станавіцца вясёлым, ясным’ (Покарны I, 853; Фасмер, 3, 429 з літ-рай).

*Ра́давіца, ра́довіца ’вясёлка’: узве́сіла радовіца — потопу не будзе (ТС). Ад радавацца (гл.) па тыпу вясёлка ’тс’.

Рада́нь ’раўніна’ (Ласт.). Гл. раўдань.

Ра́дасная ва́да ’дажджавая вада, сабраная ў красавіку, якая мае цудадзейную сілу’ (у мове беларускіх татараў — хамаіл 1866 г., гл. Мішкінене, Seniausi, 57), выкарыстоўвалася таксама для прыгатавання спецыяльнага чарніла пры напісанні магічных формул і знакаў: фижмӯ из шафранам ӯ радо̄снаӣе вадзе на име того человека написавши (там жа). Цёмны выраз; відаць, паходзіць ад радасць (гл.), аднак семантычнае развіццё застаецца незразумелым, параўн. аргат. польск. radosny proszek ’какаін’ (Каня, Słownik, 187).

Ра́дасць ’пачуццё задаволенасці, весялосці’ (ТСБМ), укр. ра́дість, рус. ра́дость, польск. radość, чэш. radost, славац. radosť, в.- і н.-луж. radość, славен. radost, серб.-харв. ра̏дост, балг. ра́дост, макед. радост. Да прасл. *radostь. Гл. радавацца, ра́ды.

Ра́даўніца1 ’памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніца ’памінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителки ’памінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца2 ’вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Ра́дашча (радоща) ’агульная радасць’ (Нас.). Мяркуецца, што запазычана з украінскай мовы (Сцяцко, Выбр. тв., 1, 237), дзе выступае як pluralia tantum ра́дощі, што ставіць пад сумненне наяўнасць формы адз. л. (параўн. Малдаван, Этимология–1994–1996, 210). Праблематычнай падаецца і суадносная форма адз. л. ст.-слав. радоща, паколькі ў пісьмовых помніках гэтая і падобныя формы на ‑ощи сустракаюцца выключна ў форме мн. л., часцей за ўсё ў Тв. скл. радощами, што выступае ў ролі прыслоўя, якое паслужыла асновай для ўтварэння формы назоўнага і іншых склонаў (Трыпуцька, SR, 10, 81–96). Да *radostь з пашырэннем ‑(j)a (ESJSt, 12, 745). Гл. радасць.