Ра́давацца ’адчуваць радасць’, ра́даваць ’прыносіць, выклікаць радасць’ (ТСБМ), рус. ра́доваться, радовать, укр. ра́дуватися, ра́дувати, польск. radować się, чэш. radovati se, славац. radováť sa, в.-луж. radować so, славен. radovati se, серб.-харв. ра̏довати се, балг. радвам се, ст.-слав. радовати сѧ. Прасл. *radovati sę (< *radъ). Слова не мае роднасных сувязей у іншых і.-е. мовах, акрамя некаторых моў германскай групы. Тут мяркуецца і.-е. корань *red‑ (: *rod‑) ’радасны, вясёлы’, ’падбадзёрваць’; славянскія словы з прасл. коранем *rad‑ супастаўляюцца з англ.- сакс. rōt ’радасны’, ’вясёлы’, ст.-ісл. rǿtask ’станавіцца вясёлым, ясным’ (Покарны I, 853; Фасмер, 3, 429 з літ-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)