Ра́даўніца1 ’памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніца ’памінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителки ’памінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца2 ’вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)