Ра́дуніца ’дзень памінання продкаў’ (Скарбы; гом., Талстая, Полес.), радуніца: да абеда плачуць, а па абедзе скачуць (Сержп. Казкі), ра́дунішта (ра́дашна) нядзеля ’тыдзень пасля Вялікадня’ (Мат. Гом.), ра́данец ’тс’ ’радаўніца’ (КЭС), параўн. рус. ра́дуница ’тс’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’. Гл. радаўніца. Паводле Анікіна (Опыт, 261), названыя формы з’яўляюцца больш раннімі, чым формы са слядамі дыфтонга au, якім прыпісваецца балтыйскае паходжанне (Лаучутэ, Балтизмы, 127–129) і якія могуць адлюстроўваць збліжэнне з радавацца (гл.). На гэтай падставе нельга не пагадзіцца з Жураўлёвым (Язык и миф, 393), што з’ява можа мець дахрысціянскія вытокі і славянскія карані, параўн. балг. редуни́ца ’рад, шэраг’ (Сб. НУ, 38, 138), изре́ждам ’прычытаць, пералічаць’, редо́вна неде́ля ’другі тыдзень перад Сырапустным або трэці перад Вялікім постам’, редовна́ неде́ля ’тыдзень ад Мясаеда да Сырапустнага тыдня’ (узводзіцца да ред ’рад’, БЕР, 3, 201) і жытом. ра́довый дэнь ’радаўніца’ (Талстая, Полес., 205).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)