Ра́ды ’задаволены, абрадаваны’ (ТСБМ; віл., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС), рад ’тс’: я й сам сабе рад (Сержп. Прык.), сюды ж памянш. радзю́сенькі ’вельмі рады’ (Нас.), укр. ра́дий, рад, рус. рад, польск. rad, кашуб. råd, чэш. rád, славац. rád, в.-, н.-луж. rad, палаб. rådo ж. р., славен. ràd, серб.-харв. ра̏д, балг. дыял. рад, макед. дыял. рад, ст.-слав. радъ ’радасны, вясёлы’. Прасл. *radъ, параўн. ст.-англ. rōt ’вясёлы, бадзёры’, ст.-ісл. rétast ’абрадавацца’; звязваюць таксама з прасл. *raditi/*roditi ’дбаць, старацца’ (Шустар-Шэўц, 2, 1200), гл. рад2, радзець2 (ESJSt, 12, 745 з аглядам літ-ры; Глухак, 515; Бязлай, 3, 143; БЕР, 6, 142–143).

Рады́ ’гадавыя кругі на рагах каровы’ (смарг., лудз., Сл. ПЗБ). Да рад1 (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)